Беларусь уваходзіць у топ-5 па ўмовах вядзення бізнесу сярод краін з сярэднім даходам

26 октября 2016

Пра гэта сёння заявіў кіраўнік прадстаўніцтва Сусветнага банка. Ян Чул Кім падрабязна прэзентаваў журналістам рэйтынг Doing Business - 2017. Нагадаем, Беларусь у ім зрабіла рывок адразу на 13 пазіцый і заняла 37 радок з 190 краін. Нашы суседзі па рэйтынгу - Румынія і Арменія. Казахстан займае 35 месца, Расія - 40-е. Украіна - на 80-м.

Сусветны банк канстатаваў рост цікавасці інвестараў да нашай краіны, адзначыўшы, што макраэканамічныя паказчыкі стабілізаваліся дзякуючы паслядоўнай і дэталёвай працы ўрада і Нацбанка.

Сам рэйтынг Doing Business фарміруецца з 10 індыкатараў. Беларусь у топе па рэгістрацыі ўласнасці. Зараз мы ў пяцёрцы лепшых краін. Самы вялікі скачок у графе "Падключэнне да сістэмы электразабеспячэння" - з 74 месца мы падняліся на 24. 27-е месца па забеспячэнні выканання кантрактаў. Выдзелены і пазіцыі, на якія неабходна звярнуць увагу ў будучыні, - гэта падаткаабкладанне і даступнасць атрымання крэдытаў.

Уладзімір Зіноўскі, Міністр эканомікі Беларусі:

"Ёсць патэнцыял па шэрагу паказчыкаў. Напрыклад, мы рыхтуем сёння заканадаўства па ацэнцы рэгулюючага ўздзеяння на бізнес. Што гэта такое? Любы дакумент, якія рыхтуецца на ўзроўні ўрада, - праект указа Прэзідэнта або закон - павінен праходзіць рэгулюючае ўздзеянне. Ацэнку сам орган павінен даць, абмеркаваўшы з бізнесам, як гэта паўплывае на бізнес, ці палепшыць гэта працу бізнесу альбо, наадварот, пагоршыць".

У лідарах рэйтынгу Doing Business 2017 - Новая Зеландыя, якая зрушыла на другое месца Сінгапур. У топ-10 самых спрыяльных для прадпрымальніцтва краін увайшлі таксама Данія, Ганконг, Рэспубліка Карэя, Нарвегія.