Беларусь уваходзіць у пяцёрку сусветных лідараў па экспарце малочнай прадукцыі

22 марта 2017

А гэта нашы дасягненні ў рэйтынгу экспарту малочных прадуктаў. Беларусь - у пяцёрцы сусветных лідараў. Толькі сёлета мы адкрылі 6 новых рынкаў збыту. Гэта краіны Персідскага заліва і Паўднёва-Усходняй Азіі. Пашыраючы геаграфію паставак, захоўваем і традыцыйных пакупнікоў у краінах Еўразійскага эканамічнага саюза. Тым больш, высокую якасць беларускай малочкі пацвярджаюць міжнародныя сертыфікаты і лабараторныя даследаванні краін-партнёраў. На вяршыні рэйтынгу нашы прадукты харчавання і ў простых пакупнікоў. Аб навінках вытворчасці і сістэме кантролю беларускай прадукцыі - наш карэспандэнт Святлана Лук'янюк.

Гэтая навінка пакуль толькі ў сценах лабараторыі Інстытута мяса-малочнай прамысловасці. Вараная згушчонка на аснове сыроваткі. Але хутка яе ацэняць і пакупнікі. Тут кожны беларускі прадукт расколваюць на кампаненты, ствараюць і новыя рэцэпты. За год атрымліваецца да 20 відаў.

У дапамогу - сучаснае абсталяванне на нашых 24 малочных заводах. Тут усё паводле апошняга слова тэхнікі. Мадэрнізацыя акупілася добрымі продажамі і высокімі рэйтынгамі.

Па экспарце малочных прадуктаў Беларусь у пяцёрцы сусветных лідараў. Па продажах сметанковага масла ў нас трэцяе месца - амаль 90 тысяч тон, саступілі ЕС і Новай Зеландыі. Па сухім абястлушчаным малаку - пятае, больш як 120 тысяч тон. Экспарт сыроў і тварагу замацаваў за намі чацвёртае месца - 180 тысяч тон. А па сыроватцы мы зноў трэція ў свеце.

Вялікую ўвагу надаем і першай прыступцы малочнай вытворчасці - гэта фермам. Павышэнне прадуктыўнасці вытворчасці менавіта тут: гэта кармы, сістэма догляду і аўтаматызаваны працэс усяго комплексу.

У выніку па вытворчасці малака на душу насельніцтва ў Беларусі лепшы паказчык у свеце. Амаль 750 кілаграмаў. Бліжэй за ўсё да нас толькі Галандыя. Іншыя ж адстаюць парадкам - удвая, утрая. А то і ў дзясяткі разоў.

На гэтым малочным заводзе перапрацоўваюць да 160 тон малака за суткі. Яго прывозяць з 10 ферм раёна. Аўтаматыка і найноўшыя тэхналогіі - і гатова да 70 найменняў прадукцыі. Трэць адгружаюць на экспарт.

Вячаслаў Жукоўскі, дырэктар Ляхавіцкага малочнага завода: "Беларуская прадукцыя годна прадстаўленая па якасці, асартыменце. І як бы сёння хтосьці там не правяраў і не гаварыў аб гэтай прадукцыі на межах - ёсць яшчэ меркаванне народа. Сёння спажыўцы толькі ў захопленых тонах гавораць пра нашу прадукцыю, з задавальненнем яе набываюць, у той жа Расіі".

Таму яшчэ больш пытанняў і неразумення ў беларускіх вытворцаў выклікаюць тыя самыя малочныя войны Рассельгаснагляда. Як і ў спажыўцоў усходняй суседкі.

Бо амаль кожны другі расіянін купляе беларускія прадукты. І большасць прызнае іх якаснымі. Усерасійскі цэнтр вывучэння грамадскай думкі апублікаваў даследаванне. І ў лідарах народнага рэйтынгу - малако, сыры, мяса і каўбасы.

Алена Саладуха, начальнік вытворчай лабараторыі Ляхавіцкага малочнага завода: "У дзень праводзім да 200 проб. Ва ўсіх кантрольных пунктах вырабляецца неабходны кантроль. І гэта дазваляе гарантаваць якасць і бяспеку. Павінен быць запас нейкі трываласці, і мы ў сябе на прадпрыемстве ўсталявалі больш жорсткія патрабаванні па мікрабіялагічных паказчыках".

Якасць нашай малочкі сёння пацвярджаюць міжнародныя сертыфікаты. За мінулы год пастаўкі ў краіны Далёкай дугі выраслі ўдвая. У Егіпце мы гатовыя пабудаваць малочна-таварны комплекс. Наш пакупнік - і вялізны кітайскі рынак з высокімі патрабаваннямі па якасці прадуктаў харчавання.

Летась на беларускай малочцы зарабілі амаль 2 мільярды долараў. Добра прадаваліся прадукты з вялікім тэрмінам прыдатнасці - сухое малако, масла і сыры. У вытворчасці апошняга мы дадалі за апошні час утрая.

На гэтай карце - уся геаграфія продажаў нашай сельгаспрадукцыі. Жоўтыя стрэлкі - краіны перспектыўнага інтарэсу. Некаторым ужо адправілі першыя партыі. Напрыклад, у Сірыю. Больш завязацца плануем у Пакістане. Там у красавіку пройдзе і сумесны бізнес-форум.

Беларусь паступова рухаецца да пошуку новых рынкаў збыту, захоўваючы пры гэтым сваіх даўніх і надзейных пакупнікоў.

Беларускія малочныя рэкі ўсё хутчэй расцякаюцца па свеце. Наш сыр, ёгурт і масла добра купляюць у суседзяў па Еўразійскім эканамічным саюзе, у еўрапейскіх краінах, а таксама на далёкіх кантынентах. Толькі сёлета мы знайшлі новых пакупнікоў у 6 краінах.

У выніку зарабілі за два месяцы 400 мільёнаў долараў. Рост - на трэць ў параўнанні з мінулым годам. І галоўны козыр - дыверсіфікаванне продажаў. У ліку новых пакупнікоў - Фінляндыя, Македонія, Турцыя, Саўдаўская Аравія, Ганконг і Сірыя.

Усяго сельгаспрадукцыю мы прадаем у 61 краіну свету. Адлегласць не мае значэння. Галоўнае - ёсць попыт і развітая сістэма лагістыкі.