Беларусь - Таджыкістан. Новыя пункты росту

3 июня 2019

Перспектывы двухбаковых адносін сёння Кіраўнік дзяржавы абмеркаваў з паслом гэтай сярэднеазіяцкай рэспублікі ў Беларусі. 

Краіны зараз рэалізуюць праекты згодна з дарожнай картай, якая разлічана да 2020 года. Гэта, дарэчы адна з дамоўленасцяў, дасягнутых прэзідэнтамі дзвюх краін. Летась кіраўнікі дзяржаў бачыліся двойчы: у маі Аляксандр Лукашэнка наведваў Душанбэ з афіцыйным візітам, і зноў у верасні - для ўдзелу ў саміце Савета кіраўнікоў дзяржаў СНД.  Неўзабаве з візітам у адказ у Мінску чакаюць Эмамалі Рахмона. Як чакаецца, лідар Таджыкістана прыляціць у Мінск на некалькі дзён па асабістым запрашэнні Кіраўніка беларускай дзяржавы напярэдадні закрыцця ІІ Еўрапейскіх гульняў. 

Па ініцыятыве прэзідэнтаў рэалізуецца яшчэ адзін новы праект  - беларуска-таджыкістанскія сады дружбы. Першыя саджанцы вінаграда, яблыні, чарэшні і абрыкоса ў красавіку пачалі высаджваць на Брэстчыне. А ў Магілёўскай вобласці плануюць вырошчваць грэцкія арэхі. У сваю чаргу ў Таджыкістане таксама з'явіцца чарэшневы сад беларуска-таджыкскай дружбы. 

У двухбаковым узаемадзеянні краін пунктам росту бакі называюць прадукцыю з высокім дабаўленым коштам. У прыярытэце таксама сферы машынабудавання і вытворчай кааперацыі, сельскай гаспадаркі. У Таджыкістане зараз працуюць прадстаўніцтвы больш як паўтара дзясятка беларускіх брэндаў: МТЗ, МАЗ, “Амкадор”, БелАЗ, Гомсельмаш. 

Махмадшарыф Хакдод, Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Таджыкістана ў Беларусі: "У пачатку года ў нас трохі ўпаў тавараабарот. Але дагаворы ёсць, яшчэ не адбыліся пастаўкі. Да канца года мы выправім гэта становішча. Больш як 90% паставак прадукцыі - імпарт з Беларусі. Ёсць магчымасць за кошт экспарту з Таджыкістана павялічыць тавараабарот".

Беларусь зараз пастаўляе ў Таджыкістан трактары, седлавыя цягачы, шыны.  У зваротным кірунку атрымліваем сухафрукты, арэхі, тэкстыль.  Восенню  гэтага года, як чакаецца, у Таджыкістане ўвядуць  у эксплуатацыю сумеснае прадпрыемства па перапрацоўцы малака. У перспектыве і запуск мясаперапрацоўчага завода.