Беларусь стане эканамічным мостам паміж Еўрасаюзам і ЕАЭС

30 мая 2018

Сёння прайшло пасяджэнне Беларуска-германскага савета дзелавога супрацоўніцтва. У яго рамках падпісаны мемарандум "Адзіная эканамічная прастора ад Лісабона да Уладзівастока". Ідэя стварэння аб'яднання не новая. Асноўная эканамічная апора Еўрасаюза - Германія, на Усходзе ў лідарах Расія і Кітай. Паміж рэгіёнамі ідзе актыўны тавараабарот. Мэта Беларусі, як часткі Шаўковага шляху, - стаць вядучым лагістычным хабам.

Ульф Шнайдэр, сустаршыня рабочай групы па мемарандуме "Адзіная эканамічная прастора ад Лісабона да Уладзівастока": "Беларусь з'яўляецца вельмі важнай краінай, як мост паміж Еўрапейскім саюзам і рускамоўнымі краінамі. І таму нам вельмі важна, што Беларусь удзельнічае ў гэтым праекце. Для Беларусі гэта будзе з эканамічнага і палітычнага пунктаў погляду вельмі выгадна".

Сяргей Навіцкі, сустаршыня Беларуска-германскага савета дзелавога супрацоўніцтва: "Мы арыентаваныя на машынабудаўнічую галіну, сельскую гаспадарку і лагістыку. Таму асноўныя кірункі, якія я бачу ў найбліжэйшы час развіцця беларуска-нямецкіх адносін, гэта машынабудаванне. Мы павінны інтэгравацца ў буйныя канцэрны сусветныя, на мой погляд, як і буйныя канцэрны могуць размяшчаць свае заказы ў нас на нашых машынабудаўнічых прадпрыемствах".

Зараз распрацоўваецца канцэпцыя працы новага саюза. У Германіі перакананыя, што праз некалькі гадоў сумеснай працы ў Беларусі чакаецца значны рост экспарту.