Беларусь захоўвае вялікую цікавасць да прамых кантактаў з расійскімі рэгіёнамі

21 февраля 2020
Наконт гэтага ішла размова на сустрэчы Прэзідэнта Аляксандра Лукашэнкі з губернатарам Архангельскай вобласці.  Наша краіна можа прыняць удзел у маштабнай рэнавацыі горада ля Паўночнай Дзвіны. Акрамя таго, беларускі лідар падзяліўся падрабязнасцямі тэлефоннай размовы з Уладзімірам Пуціным, якая адбылася літаральна напярэдадні. Абмяркоўвалася, у прыватнасці, формула паставак нафты.

Тавараабарот прырастае пастаўкамі ў рэгіёны


Што да Беларусі і Архангельскай вобласці, то за мінулы год тавараабарот дасягнуў амаль 50 мільёнаў долараў. Вялікая цікавасць у Беламор’я  да нашай тэхнікі.  Нашы БелАЗы здабываюць там алмазы ўжо не першы год. У гэты край  пастаўляюцца  і запчасткі для трактароў і тэхнікі, мяса ялавічыны, малако, вырабы з цэменту, бетону. З мас-маркету жыхарам Архангельска добра вядомыя нашы абутковыя брэнды і адзенне -   там працуе цэлая сетка нашых магазінаў.

Прамыя дзелавыя кантакты  ў прыярытэце


Менавіта ў рэгіёнах Беларусі і Расіі пачынаецца мноства вытворчых і тэхналагічных ланцужкоў па выпуску сумеснай прадукцыі. Гэта сотні тысяч рабочых месцаў. Аб узаемнай зацікаўленасці ў развіцці міжрэгіянальных сувязяў сведчыць высокая інтэнсіўнасць абмену візітамі дэлегацый рознага ўзроўню.