Беларусь захоўвае вялікую цікавасць да кантактаў з расійскімі рэгіёнамі

21 февраля 2020
Беларусь захоўвае вялікую цікавасць да кантактаў з расійскімі рэгіёнамі і дамаўляецца наконт новых умоў  працы па нафце. Вось адразу дзве важныя падзеі ў адносінах Мінска і Масквы. Літаральна за паўгадзіны да сустрэчы з губернатарам Архангельскай вобласці Аляксандру Лукашэнку патэлефанаваў Уладзімір Пуцін. І самая гарачая тэма для абмеркавання - нафта. З 1 студзеня расійскія кампаніі прыпынілі пастаўку чорнага золата. Мы шукаем альтэрнатыву - была нарвежская нафта, а вось учора  яшчэ  два  танкеры купілі. Таксама расійская сыравіна, але праз трэйдара,  а значыць без прэміі кампаніям, наконт якой больш за ўсё спрэчак. Дык вось спадар Пуцін прапанаваў распрацаваць формулу, згодна з  якой Беларусі кампенсуюць страты ад падатковага манеўру. Ва ўраўненні яшчэ шмат невядомых, і ўсё ж рух наперад. Зрэшты, сустрэча з губернатарам на гэтым фоне не згубілася. Ігар Арлоў прыязджаў да нас пяць гадоў таму. З тых часоў нашы БелАЗы збіраюць на поўначы алмазы. Мяса, малако, будаўнічыя матэрыялы таксама адчуваць сябе камфортна на паўночным рынку.  Увогуле, дзень насычаны на інфармацыю. Аляксей Волкаў выбраў самае важнае.

Журналісты такія павароты любяць: у сяброўскую сустрэчу паміж Аляксандрам Лукашэнкам і губернатарам Архангельскай вобласці тэлефоннай размовай урываецца Уладзімір Пуцін. З-за гэтага, дарэчы, нават перамовы з Ігарам Арловым пачаліся крыху  пазней. Чаканая драматургія вакол слова "нафта" атрымлівае развіццё - Масква гатова кампенсаваць той самы падатковы манеўр. Беларусь ацэньвае агульныя страты  прыкладна ў 430 мільёнаў долараў. І, мяркуючы па ўсім, абодва бакі  прыняліся лічыць  суму, каб па-сяброўску, але сумленна  закрыць набалелае пытанне. Таму і сустрэчу з губернатарам Прэзідэнт пачынаў менавіта з гэтага.

І калі сыравінная карціна адносін Мінска і Масквы малюецца рознымі вуглевадароднымі фарбамі, наша сяброўства з расійскімі рэгіёнамі па-за кантэкстам і заўсёды зразумелае як двойчы два - без формул і падлікаў. 

Губернатара ў госці чакалі. Ігар Арлоў за чатыры дні ў Беларусі пабываў усюды, дзе хацеў. У вачах у паўночнага госця склаліся кантракты: цікавыя прадукты, тэхніка, у фаворы малочка. А ў галаве разуменне: ёсць надзейны партнёр. 

Будаўніцтва для Архангельска і Северадзвінска - ключавых гарадоў Памор'я - актуальнае як ніколі. Пачата праграма перасялення людзей са старога і аварыйнага жылля, жыхары Поўначы запрасілі дапамагчы. У планах  нават беларускі квартал пад ключ. 

Тэму будаўніцтва ўзнялі Аляксандр Лукашэнка і Уладзімір Пуцін у тэлефоннай  размове. Нашы спецыялісты  гатовыя дапамагчы з касмадромам "Усходні". Набліжаецца да завяршэння і найбуйнейшы праект Беларусі - БелАЭС.

Радовішча Ламаносава,  што ў Архангельскай вобласці. Тут беларускія БелАЗы здабываюць расійскія алмазы. Гэтыя капальні - найбуйнейшая крыніца каляровых камянёў у еўрапейскай частцы Расіі. Нашы гіганты  вытрымліваюць і суровы клімат, і нагрузку - здабыча ідзе кругласутачна. 

Дарэчы, за некалькі  дзён да сустрэчы з Прэзідэнтам губернатар (а для Архангельскай вобласці аграрны сектар архіважны) пабываў у АПК "Ждановічы". Уразілі госця  цяпліцы. Мы дапаможам з тэхналогіяй і… ружамі. 

У цэлым наш тавараабарот з рэгіёнам - 50 мільёнаў долараў за 2019 год. Сума не ўражвае. З той жа Свярдлоўскай  вобласцю паўмільярда. Аднак важна, што гэта рэальны сектар: прадукты, цэмент, запчасткі - без энергарэсурсаў. І тут зноў пракладзем масток да  размовы  з Пуціным. Ужо пасля губернатара Аляксандр Лукашэнка абмеркаваў з Уладзімірам Сямашкам прапанову Масквы па вырашэнні нафтавага пытання.

І атрымліваецца ў дадзенай сітуацыі наступнае: Мінск будзе атрымліваць кампенсацыю, завязаную на памер страт ад падатковага манеўру. Формула гэтай кампенсацыі прапрацоўваецца абодвума бакамі. Адпаведна абмяркоўваецца і сума. Яшчэ трэба  правесці сур'ёзную работу з калькулятарамі. Разлічвае Мінск і разабрацца з цаной на блакітнае паліва - плацім больш за сусветную цану. Усе моманты - ці то газ, ці то  нафта - у перамовах патрабуюць дбайнага вывучэння, каб Мінск і Масква прасоўваліся ў дыялогу і знайшлі варыянт, які  задавальняе ўсіх. І сёння быў зроблены вялікі крок.