Беларусь знізіць спажыванне газу больш як на мільярд кубаметраў

11 ноября 2015

Беларусь у наступным годзе знізіць спажыванне газу больш як на мільярд кубаметраў. Спецыялісты Міністэрства энергетыкі адзначаюць, што акцэнт робіцца на выкарыстанне альтэрнатыўнай энергіі. Такія аб'екты ўсё больш запатрабаваныя ў Мінску і цэнтральным рэгіёне. Дарэчы, сёння адзначаюць Міжнародны дзень энергазберажэння. Аляксей Кандраценка ўбачыў, як вырабляюць электрычнасць і цяпло з мясцовых відаў паліва.

Клопат пра экалогію плюс энергетычная аддача! Усё, што застаецца пасля санітарнай высечкі або нарыхтоўкі лесу, ператвараецца ў дранку. У выглядзе ўжо не адыходаў, а паліва, яе спажывае новая кацельня ў пасёлку Сосны. Нават назва населенага пункта як быццам адказвае за паліўнае меню: больш за ўсё энергіі даюць менавіта іглічныя пароды. У выніку здробненая драўніна дазваляе атрымліваць цеплавую і электраэнергію.

Гадавы эканамічны эфект такой кацельні - тры з паловай тысячы тон умоўнага паліва. Прыкладна адна пятая ад такога аб'ёму эканоміцца за кошт работы турбін гідраэлектрастанцыі на вадавыпуску Мінскай ачышчальнай станцыі.

Сталіца, вядома, не валодае велізарнымі воднымі рэсурсамі, як напрыклад, Карэлія ці Алтай. Аднак нават тых, што ёсць, хапае для развіцця гідраэнергетыкі. Міні-ГЭС на Чыжоўскім вадасховішчы – прыклад таго, як атрымліваць выгаду са звычайнай вады. Аб'ект, як кажуць, малады, але з вялікай будучыняй.

Такім чынам, альтэрнатыўная энергетыка ў Мінску стала адным з прыярытэтаў у палітыцы энергазберажэння. Дарэчы, клопат пра экалогію і ўкараненне энергазберагальных тэхналогій - адзін з папулярных адукацыйных напрамкаў. Актыўна іх падтрымліваюць і ў сталічнай гімназіі №21. Пераможца рэспубліканскага конкурсу «Энергамарафон 2014» зараз рыхтуецца да наступнага этапа спаборніцтваў.