Беларусь з афіцыйным візітам прымае сербскага прэм'ер-міністра

26 января 2017

Кіраўніцтва ўрада гэтай краіны ўпершыню наведвае Мінск. Спачатку перамовы сёння прайшлі ў Савеце Міністраў. Картэж Аляксандра Вучыча сустракаў асабіста Андрэй Кабякоў.

Размова ў Доме ўрада пачалася ў вузкім складзе. Замест запланаваных 30 хвілін яна доўжылася каля гадзіны. Пасля развіццё двухбаковых адносін прэм'еры абмяркоўвалі разам з міністрамі дзвюх краін. Як адзначыў Андрэй Кабякоў, Сербія - наш даўні надзейны партнёр. Гэта адзіная краіна па-за СНД, з якой у Беларусі дзейнічае зона свабоднага гандлю, што дае добрыя вынікі.

Андрэй Кабякоў прапанаваў краінам выходзіць на прамыя пастаўкі тавараў без пасрэднікаў. А таксама больш актыўна ўключацца ў стварэнне кааперацыйных сувязяў і сумесных вытворчасцяў. Нагадаем, у Белградзе ўжо збіраюць нашы МАЗы і трактары. Па выніках бакі падпісалі дарожную карту на найбліжэйшыя два гады і шэраг дакументаў.