Беларусь разлічвае стаць міжнародным фінансавым цэнтрам

18 апреля 2019

За прыклад возьмуць вопыт Арабскіх Эміратаў. Магчымасці з'яўлення ў Мінску сваёй структуры сусветнага ўзроўню абмеркавалі сёння ў Палацы Незалежнасці. 

На сустрэчы з кіраўніцтвам Дубайскага міжнароднага фінансавага цэнтра Прэзідэнт выказаў удзячнасць за цікавасць да нашай краіны і адзначыў, што дзяржавы могуць працаваць разам у сферы лічбавай эканомікі.

Міжнародны фінансавы цэнтр - гэта свайго роду свабодная эканамічная зона з дзяржінстытутамі, якія дазваляюць функцыянаваць рынкам. Дубайскі цэнтр быў адкрыты ў ААЭ ў 2004 годзе. Сёння ён налічвае больш за 800 розных кампаній свету, якія аказваюць банкаўскія і страхавыя паслугі, кіруюць актывамі і фондамі. Структура ўжо аб'яднала Блізкі Усход, Афрыку і Паўднёвую Азію. Беларускі фінансавы цэнтр закліканы дапамагчы прыцягненню інвестыцыйных капіталаў у нашу рэспубліку і паўплываць  на эканоміку ўсяго рэгіёна СНД і Еўропы. Летась Беларусь падпісала мемарандум аб паразуменні з міжнародным фінансавым цэнтрам у Дубаі. Меркавана, структура можа з'явіцца на тэрыторыі былога аэрапорта Мінск-1.

Госці пацвердзілі, што і фінансавы цэнтр, і ўрад краіны беларускі праект падтрымліваюць. Выказалі гатоўнасць больш актыўна працаваць у гэтым напрамку. Напярэдадні дэлегацыя фінансавага цэнтра наведала Парк высокіх тэхналогій. Дубай зацікаўлены ў нашых IT-кампаніях і прапаноўвае ім пачаць супрацоўніцтва з Аб'яднанымі Арабскімі Эміратамі.