Беларусь разлічвае на падрыхтоўку новай стратэгіі партнёрства з Сусветным банкам

1 июня 2016

Дзеючая сёння была прынятая ў 2013 годзе. У новай стратэгіі павінны быць збалансаваныя інтарэсы і нашай краіны, і фінансавай арганізацыі.

У красавіку ў Беларусі працавала сумесная місія МВФ і Сусветнага банка па ацэнцы фінансавага сектара, якая адзначыла поспехі ў банкаўскім наглядзе і аплатнай сістэме нашай краіны. Сёння яе цікавіць стратэгія развіцця Беларусі да 2020 года.

Гэтымі днямі ў Мінску з візітам знаходзіцца віцэ-прэзідэнт Сусветнага банка Сірыл Мюлер. Першая сустрэча прайшла сёння ў Савеце міністраў. Як адзначыў прэм'ер Андрэй Кабякоў, прыярытэты эканамічнага росту Беларусі - гэта развіццё фінансавага рынку, падтрымка малога і сярэдняга бізнесу і лічбавая эканоміка. Беларусь хацела б заручыцца фінансавай падтрымкай ад Сусветнага банка ў рэалізацыі гэтых праектаў. За гісторыю супрацоўніцтва (а гэта 20 гадоў) Беларусь атрымала ад Сусветнага банка амаль паўтара мільярда долараў ільготных крэдытных рэсурсаў.

У сваю чаргу віцэ-прэзідэнт Сусветнага банка Сірыл Мюлер падкрэсліў, што ён зацікаўлены ў рэалізацыі сумесных праектаў з Беларуссю. У нас склалася добрая гісторыя рэалізацыі праектаў і ацэнкі іх вынікаў.

Так, за шэсць гадоў працы з банкам партфель інвестпазык склаў каля мільярда долараў. Гэта рэканструкцыя дарогі Мінск - Гомель, праект "Чыстая вада" і рэабілітацыя раёнаў, пацярпелых ад аварыі на ЧАЭС. Да наступнага года плануецца, што гэты партфель пацяжэе да 1 мільярда 200 мільёнаў долараў.

Ужо сёння ёсць і новыя праекты, на падтрымку якіх разлічвае Беларусь. Сярод іх - ЖКГ і добраўпарадкаванне гарадоў, будаўніцтва другой узлётна-пасадачнай паласы ў аэрапорце Мінск, а таксама стварэнне нацыянальнай сістэмы беспапяровага гандлю. Наконт гэтага гаварылі сёння і ў Савеце Рэспублікі на сустрэчы Міхаіла Мясніковіча з дэлегацыяй Сусветнага банка. Беларускі спікер адзначыў уклад банка ў садзейнічанне сацыяльна-эканамічнаму развіццю Беларусі і яго важную ролю ў дыялогу з Міжнародным валютным фондам.