Беларусь разлічвае на новы крэдыт МВФ

5 марта 2015

Чарговая праграма стэнд-бай гатовая. Пра гэта паведаміў сёння першы намеснік міністра фінансаў Максім Ермаловіч. Місія фонду ўжо пачала працаваць  у нашай краіне і прабудзе ў нас да 16 сакавіка. У цэнтры ўвагі штогадовы агляд развіцця эканомікі. Запланаваныя сустрэчы экспертаў у Адміністрацыі Прэзідэнта, Нацбанку, Мінэканомікі. Сёлета Беларусь поўнасцю выплаціць папярэдні крэдыт МВФ і гатовая абмяркоўваць новую праграму.

Максім Ермаловіч, першы намеснік міністра фінансаў Беларусі: "З улікам планаў па правядзенні структурных ператварэнняў у эканоміцы краіны мы спадзяемся, што вось гэты комплексны пакет мер можа быць асновай пачатку новай праграмы з МВФ. З улікам сусветнай сітуацыі, сітуацыі і націску на міжнародны валютны фонд магчымасці новай праграмы з Беларуссю, вядома ж, абмежаваныя. Мы гэта разумеем, але мы плануем абмеркаваць гэтае пытанне  на працягу  гэтай місіі".

Беларусь чакае і зручнага моманту для размяшчэння еўрабондаў. Арганізатараў выпуску пакуль не называюць. Зараз гэтыя пытанні - прадмет перамоў. На леташнім Беларуска-брытанскім інвестыцыйным форуме ў Лондане было заяўлена, што Беларусь у 2015 годзе плануе размясціць еўрабонды на мільярд долараў з тэрмінам пагашэння 10 гадоў.