Беларусь прыпыніла экспарт светлых нафтапрадуктаў у Польшчу, Украіну і краіны Балтыі

23 апреля 2019

Беларусь прыпыніла экспарт светлых нафтапрадуктаў у Польшчу, Украіну і краіны Балтыі да моманту вырашэння пытання з пастаўкай няякаснай расійскай нафты. Зніжэнне аб'ёмаў, растлумачылі ў Беларускай нафтавай кампаніі, прадыктавана мэтай захаваць стабільнасць унутранага нафтавага рынку краіны.

Страты ад прыпынення экспарту айчынных нафтапрадуктаў за мяжу зараз ацэньваюцца. Беларусь актыўна прапрацоўвае пытанне прадухілення санкцый ад краін-партнёраў. Нагадаем, рэзкае пагаршэнне якасці расійскай нафты напярэдадні прывяло да пашкоджання абсталявання на Мазырскім НПЗ. Яшчэ 18 красавіка прадпрыемства накіравала зварот Транснафце аб паведамленні інфармацыі наконт прычын пагаршэння якасці сыравіны, а таксама аб тэрміновым прыняцці мер па яе аднаўленні. У той жа дзень Гомельтранснафта "Дружба" ў прысутнасці прадстаўніка Транснафты ўзяла пробы на некалькіх участках у напрамку Мазыра. Пробы паказалі высокае ўтрыманне арганічных злучэнняў хлору ў лёгкіх фракцыях нафты. Іх наяўнасць прыводзіць да павышанага каразійнага зносу і забівання солямі тэхналагічнага абсталявання, што і здарылася на мазырскім прадпрыемстве. У выніку на сёння тут перапрацоўка нафты зніжана з 27 да 18 тысяч тон за суткі.