Беларусь падала Расіі новыя прапановы па пастаўках нафты

11 марта 2020
Гэта заявіў прэм'ер-міністр Беларусі журналістам, падводзячы вынікі сустрэчы з расійскім калегам у Маскве. Перамовы Сяргея Румаса і Міхаіла Мішусціна прайшлі ў Доме ўрада ў пашыраным складзе. Сяргей Румас адзначыў, што рух у краінах "пяцёркі" шмат у чым залежыць ад таго, наколькі зблізяць пазіцыі Беларусь і Расія. І нягледзячы на тое што краінам удалося стабілізаваць тавараабарот (апошнім часам ён трымаецца на ўзроўні 35-36  мільярдаў долараў), ёсць шэраг пытанняў, якія неабходна абмяркоўваць у рамках інтэграцыйных працэсаў. Адно з іх - пастаўкі энерганосьбітаў. 

Сяргей Румас,Прэм'ер-міністр Беларусі:  "Сапраўды, сітуацыя апошнім часам змянілася, цэны на нафту ўпалі. У сувязі з гэтым беларускі бок падаў  расійскаму новыя прапановы для нафтавых кампаній, якія расійскі бок прыняў, паабяцаўшы на працягу некалькіх дзён правесці кансультацыі з нафтавымі кампаніямі і даць адказ. Беларусь прыняла рашэнне, што ўсё роўна мінімум па адным танкеры на кожны завод у месяц мы будзем браць незалежна ад таго, дамовімся мы з Расійскай Федэрацыяй ці не. Таму што пытанні эканамічнай бяспекі, пытанні дыверсіфікацыі  паставак абмеркаваныя, рашэнні прынятыя".

Сяргей Румас адзначыў, што парадак дня супрацоўніцтва Беларусі і Расіі не абмяжоўваецца толькі пытаннямі паставак нафты. Прэзідэнты паставілі перад урадамі дзвюх краін важную задачу - падрыхтаваць дакументы па стратэгіі інтэграцыі. Канчатковы варыянт будзе ўзгоднены і вынесены на разгляд кіраўнікоў дзяржаў.