Беларусь прапанавала Расіі варыянт урэгулявання пытанняў па пастаўках малака

13 марта 2018

Беларусь прапаноўвае Расіі прыняць дарожную карту для ўрэгулявання пытанняў па пастаўках малака.

Аб гэтым сёння заявіў кіраўнік Мінсельгасхарчу Леанід Заяц. Перамовы па экспарце малочнай прадукцыі працягваюцца. У найбліжэйшы час у Маскве гэта тэма стане галоўнай на ўзроўні віцэ-прэм'ераў дзвюх краін. Таксама ў сакавіку плануецца правесці сумесную калегію аграрных ведамстваў. Бакі разгледзяць балансы харчавання. Нагадаем, Рассельгаснагляд перанёс увядзенне забароны на пастаўкі малака і малочнай прадукцыі з Беларусі на 15 сакавіка.

Сёння ж ва ўрадзе гаварылі і пра гатоўнасць сельгасарганізацый да пасяўной. На яе банкі падрыхтавалі і льготныя крэдыты, але разлічваць на іх змогуць тыя, хто вярнуў пазыкі за мінулы год. На гэта звярнуў увагу прэм'ер Андрэй Кабякоў. У паўднёвых раёнах пасяўная можа пачацца з дня на дзень. Аднак не ўсе спраўляюцца з графікам па ўнясенні ўгнаенняў. У шэрагу рэгіёнаў ёсць пытанні і па своечасовай падрыхтоўцы тэхнікі.

Сёлета плануецца засеяць амаль тры мільёны гектараў яравых культур і атрымаць на 5 % больш сельгаспрадукцыі, чым летась.