Беларусь прапаноўвае арганізаваць у Арменіі зборачныя вытворчасці ліфтаў і трактароў

25 сентября 2018

Такая магчымасць абмяркоўвалася на сустрэчы старшыні Палаты прадстаўнікоў Уладзіміра Андрэйчанкі з дэлегацыяй Арменіі на чале з намеснікам старшыні Нацыянальнага сходу гэтай краіны Эдуардам Шармазанавым. Бакі маюць намер таксама развіваць рэгіянальнае супрацоўніцтва. У планах - пошук новых пунктаў росту двухбаковых адносін, у тым ліку ў сельскай гаспадарцы, IT і іншых сферах.

Баляслаў Пірштук, намеснік старшыні Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Беларусі: "Я хацеў бы адзначыць плённую працу беларускіх і армянскіх парламентарыяў на міжнародных пляцоўках. І калі ў Мінску пасяджэнне АБСЕ было, і сёлета мы ўжо некалькі разоў сустракаліся на розных пляцоўках. У нас поўнае разуменне і кансалідаваная пазіцыя па многіх напрамках".

Эдуард Шармазанаў, намеснік старшыні Нацыянальнага сходу Арменіі: "Вельмі вялікая верагоднасць, што ўсе праекты, якія былі агучаныя тут, у хуткай будучыні будуць ажыццёўлены. Для гэтага ў нас вельмі вялікая база ёсць. І Беларусь, і Арменія з'яўляюцца членамі ЕАЭС, пасля ўваходжання ў ЕАЭС у Арменіі эканамічны рост павысіўся. І я думаю, што Беларусь - гэта краіна, з якой не толькі можна, але і трэба развіваць гандлёва-эканамічныя адносіны. Гэта будзе на карысць і Беларусі, і Арменіі".

Праграмай візіту прадугледжаны таксама сустрэчы ў Брэсцкім абласным выканаўчым камітэце, а таксама наведванне шэрагу прадпрыемстваў Мінска і Брэста.