Беларусь плануе павялічыць экспарт сельгаспрадукцыі да 7 мільярдаў долараў

30 ноября 2017

Беларусь плануе павялічыць экспарт сельгаспрадукцыі да 7 мільярдаў долараў, а прадукцыйнасць працы - на паўтара працэнта. Такія лічбы сёння былі агучаныя ў парламенце. Віцэ-прэм'ер Міхаіл Русы адказаў на пытанні дэпутатаў і сенатараў. Таксама абмеркавалі сёння фінансавае аздараўленне прадпрыемстваў АПК, новыя падыходы па лізінгу на сельгастэхніку, рынак малака і стварэнне "вёскі будучыні". Адказы з першых вуснаў з Авальнай залы - у рэпартажы Святланы Лук'янюк.

Яшчэ да пачатку пасяджэння дэпутаты абмяркоўваюць пытанні, якія гатовыя задаць віцэ-прэм'еру. Некаторыя дэталі ўдакладняюць у Міхаіла Русага. Ён - асноўны дакладчык ад урада. А значыць, галоўная тэма - АПК. Сёлета аграрыі ганарацца добрым ураджаем і даходам ад экспарту каля 5 мільярдаў долараў. Аб'ёмы да 2020 года малака, мяса і гародніны будуць толькі павялічваць. Пры гэтым клапоцячыся аб прадукцыйнасці працы. Бо стратныя сельгасарганізацыі па-ранейшаму на парадку дня.

Надзеі ўрада на дасудовае аздараўленне. Да канца года 253-і ўказ дапрацуюць. Але нават у цяперашнім выглядзе ён паступова зрушвае справу з мёртвага пункта, паднімаючы тых, хто зараз у пазыковай яме.

Урад гатовы стварыць новыя крыніцы льготных пазык. Грошы накіруюць у адзін з банкаў, каб гаспадаркі маглі ўзяць крэдыт на бягучыя выдаткі па нізкіх стаўках. Бо падняць узровень сельгасарганізацый немагчыма без абнаўлення матэрыяльна-тэхнічнай базы. У дапамогу аграрыям тэхніка ў лізінг. Зараз абмяркоўваецца на 10 гадоў без першапачатковага ўзносу. Мадэрнізацыя малочна-таварных ферм. Усё гэта павінна выліцца ў рост даходаў прадпрыемстваў, а значыць - і рост зарплат у АПК.

Міхаіл Русы, намеснік прэм'ер-міністра Беларусі: "120 прадпрыемстваў 450 рублёў прыкладна ў сярэднім атрымліваюць. Група за 600 ужо даволі сур'ёзная. Гэта 35%. Таму сёння мы 600-650, 700 рублёў у нас павінен быць снежань. 103% нам трэба даць рэальнага валавога росту аб'ёму. Будзе аб'ём, цэны нармальныя. Вы бачыце, што цэны закупныя на ўсе віды прадукцыі рэнтабельныя".

Галоўная мэта адна - забяспечыць годны ўзровень жыцця на сяле і тым самым прыцягнуць у глыбінку маладых спецыялістаў.

Сёння ў парламенце віцэ-прэм'ер агучыў і зусім новую ідэю ў АПК - гэта стварэнне вёскі будучыні. Ужо вызначаныя пасёлкі, аграгарадкі, дзе і будуць створаныя пілотныя праекты. Плануецца, што рэалізацыя пачнецца з 2018 года. І стаўку зробяць на адкрыццё новых высокатэхналагічных вытворчасцяў.

За аснову возьмуць перадавыя гаспадаркі ў Беларусі. Як прыклад Міхаіл Русы называе аграгарадок Верцялішкі і вёску Копысь.

Міхаіл Русы, намеснік прэм'ер-міністра Беларусі: "Вось прыклад Копыся. Кіраўнік дзяржавы ўзяў пад кантроль. Нам паказалі: стварыць умовы для пражывання, для вольнага часу. А самае галоўнае - стварыць умовы для таго, каб былі працоўныя месцы і людзі маглі зарабіць і ўжо потым рэалізаваць сябе".

Сёння аграрыі цалкам забяспечваюць унутраны рынак бульбай, морквай, бураком і капустай. 95% беларускага і на паліцах магазінаў. Але ці заўсёды карэктныя прадаўцы з пастаўшчыкамі. Таму Міністэрства антыманапольнага рэгулявання і гандлю выступае за пакаранне рублём магазінаў, якія вяртаюць непрададзены тавар прадпрыемствам, калі гэта не было загадзя прапісана ў дамове.

Раней адказнасці за парушэнне такіх правіл у Кодэксе аб адміністрацыйных парушэннях прапісана не было. Зняць гэты прававы прабел гатовы сёння МАРГ і ўнёс прапанову ва ўрад.