Беларусь плануе пачаць новую праграму супрацоўніцтва з МВФ ужо сёлета

14 июня 2017

Зараз бакі ў цесным перагаворным кантакце.

Сёння гэта заявіў першы намеснік міністра фінансаў Максім Ермаловіч на пашыраным пасяджэнні Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў па бюджэце і фінансах. Як было заяўлена раней, Беларусь разлічвае на выдзяленне фондам 3,5 мільярда долараў. Закраналася і пытанне дзярждоўгу: па словах Ермаловіча, ён абслугоўваецца належным чынам. Летась мы своечасова і ў поўным аб'ёме ажыццявілі плацяжы больш чым на 7 мільярдаў рублёў. Асноўная доля прыйшлася на пагашэнне знешняга доўгу. Таксама намеснік міністра адзначыў, што скарачэнне экспартнай пошліны на калійныя ўгнаенні з 55-ці да 20-ці еўра за тону істотна не паўплывае на бюджэт года. Максім Ермаловіч пракаменціраваў і зніжэнне стаўкі рэфінансавання з 14-ці да 13-ці працэнтаў.

Максім Ермаловіч, першы намеснік міністра фінансаў Беларусі: "Стаўка вызначаецца рынкам. Падае яна з-за таго, што агульныя макраэканамічныя ўмовы ствараюцца для таго, каб яна зніжалася. Размова ідзе тут не пра тое, што абавязкова гэта зніжэнне стаўкі павінна суправаджацца адтокам укладаў. Кожны ўкладчык для сябе прымае рашэнне, пакінуць зберажэнні ў банку, на якія налічваецца станоўчая працэнтная стаўка, якая перавышае ўзровень інфляцыі і не з'яўляецца адмоўнай, або гэтыя сродкі зрасходаваць у дадзены момант. Калі прагназаваць на 12 месяцаў, то для ўкладчыка ўзровень ставак станоўчы".

Што абазначае змяненне стаўкі рэфінансавання для звычайнага спажыўца і ці магчыма патанненне крэдытаў? Глядзіце сёння вечарам у рэпартажы "Панарамы".