Беларусь адзначае 55-годдзе нафтаздабычы

20 августа 2019

Нацыянальная бяспека - гэта яшчэ і ўласныя рэсурсы. Беларусь сёння адзначае 55-годдзе нафтаздабычы. Да юбілею галіна падыходзіць з багажом у 15 свідравін-мільянераў па аддачы чорнага золата. За больш чым паўстагоддзя наша краіна выгадавала кадры і напрацавала вопыт, якія сёння запатрабаваныя і за мяжой. Так, нашы нафтавікі працуюць у Расіі, Украіне, Эквадоры і Венесуэле. Адначасова развіваюць сейсміку ў сябе і знаходзяць новыя паклады там, дзе раней магчымасці навукі гэта зрабіць не дазвалялі. Рэтраспектыўны погляд на галіну  і яе будучыню ў рэпартажы Ганны Кавалёвай

І зноў фотасесія, як і больш чым паўстагоддзя таму. Тады яе вынікам стала вось гэтае фота. Здымак растыражавалі СМІ па ўсім Савецкім Саюзе з навіной:  у Беларусі здабылі першы нафтавы мільён. У руках яго трымала тады яшчэ  19-гадовая Наталля Магілевіч. Гэта былі першыя крокі ў нафтаздабычы і для яе, і для краіны ў цэлым. Наталля працавала ў лабараторыі. Узнімаць нафтавую "цаліну”, успамінае, было складана: не было ні вопыту, ні абсталявання. 

Шлях да першага мільёна пачыналі тут - на Рэчыцкім радовішчы. Сёння яно  найбуйнейшае ў краіне. Пачатковыя геалагічныя запасы тады ацанілі ў 95 мільёнаў тон. Здабываць іх сёння дапамагаюць 202 свідравіны. За год з кіламетровых нетраў паднімаюць 500 тысяч тон. І ў гэтым радовішча  таксама рэкардсмен.

Гэтая свідравіна  адна з мільянераў. Менавіта яна калісьці даказала, што ў Беларусі ёсць нафта. Ёй ужо 55 гадоў, але яна і зараз прыносіць чорнае золата.

З моманту яе свідравання і да нашых дзён метады здабычы змяніліся. Калі раней здабывалі фантанным метадам, то зараз механізаваным. А тут, на ўстаноўцы падрыхтоўкі нафты, усё кіраванне працэсам перанеслі ў віртуальную прастору. Прыток нафты, падрыхтоўка яе таварнага выгляду, адгрузка - амаль усё  па адным кліку мышкі. Дарэчы, па некаторых тэхналогіях Беларусь апярэджвае нават багатую на вуглевадароды Расію.

Такая ўстаноўка - па сутнасці цэлы завод па стварэнні глыбінных свідравін. За год свідруюць па 50 штук. На гэты вынік працуюць суткамі без прыпынку. Усяго ж у краіне зараз  849 дзеючых свідравін. Штогод яны прыносяць больш  за паўтары тысячы тон нафты. І хаця афіцыйная навука даўно сцвярджае, што запасы беларускай нафты скончацца праз 30 гадоў, геолагаразведвальныя  работы  адкрываюць новыя паклады нават там, дзе згодна з навуковай логікай іх быць не павінна.

Аптымізму дадае і тое, што за найбліжэйшыя 30 гадоў павінны з'явіцца новыя тэхналогіі разведкі і здабычы нафты. Пакуль жа нафтавікі  строяць планы на юбілейны год. Па прагнозах, ён стане для краіны рэкордным - здабыць плануюць  1 мільён 690 тысяч тон чорнага золата.