Беларусь застаецца адным з лідараў у вытворчасці прадуктаў харчавання ў свеце

20 мая 2017

Гэта вынік маштабнай мадэрнізацыі сяла. Сёння наша краіна вырабляе сельгаспрадукцыі ў разы больш, чым у часы Саюза. Забяспечваючы пры гэтым запатрабаванні не толькі краіны, але і далёка за яе межамі. З брэндам "Зроблена ў Беларусі" знаёмыя пакупнікі ад Кітая да ЗША. Але як утрымаць канкурэнтаздольнасць? Беларускія навукоўцы працуюць над вырашэннем гэтага пытання ў цесным кантакце з аграрыямі. На месцах - у полі і малочна-таварных комплексах. Тактыка вызначаная - гэта паніжэнне выдаткаў на вытворчасці сельгаспрадукцыі. Іншымі словамі - як укласці дробязь, а атрымаць значна больш прыбытку? Амаль у кожным рэгіёне створаныя эксперыментальныя базавыя гаспадаркі, дзе сталі адпрацоўваць інавацыйныя тэхналогіі. Як прыклад - атрыманне таннай кармавой базы. Удалося. Вынік здзівіў нават самых дасведчаных аграрыяў. Працягне Андрэй Ястрабаў.

Гэта не корм, а практычна ўпакоўка мультывітамінаў, - расказвае Віталь Качура - вядучы спецыяліст прадпрыемства "Міхайлаўскае-Агра". Тут усе неабходныя элементы і мінералы. Плюс - у бурых павышаецца апетыт, прыбаўленне і надоі. Такі корм у базавай гаспадарцы атрымліваюць незвычайным спосабам. Прама на палях яго абгортваюць у спецыяльную стрэйч-плёнку. Эластычную і трывалую. У ёй травы спеюць прыкладна тры месяцы. Затым іх правяраюць у мясцовай лабараторыі на наяўнасць усіх неабходных рэчываў.

Уладзімір Чаранок, дырэктар ДСУП "Міхайлаўскае-Агра": "Па пажыўнасці корму стрэйчавая плёнка ў 2 разы вышэйшая, чым звычайная нарыхтоўка сенажу. Плюс поле ўбіраем і адразу ўносім арганічныя ўгнаенні для таго, каб пасеяць наступную культуру. І што гэта дае - поле на працягу года дае два ўраджаі".

Гэта сусветны стандарт нарыхтоўкі высакаякасных кармоў. І ў "Міхайлаўскім" яго выкарыстоўваюць ужо трэці год. Плёнка абсалютна герметычная. Нарыхтаваныя на прадпрыемстве кармы нават майскі снег перанеслі без страт. Яшчэ адно ноў-хаў аграрыяў - кулісныя пасевы. Змяшаныя пасадкі шматгадовай травы і азімага жыта. Такі кармавы мікс - неабходная біядабаўка ў рацыёне жывёлы.

І не трэба ўскрываць сянажныя бетанаваныя траншэі. Бо даказана: пасля ўскрыцця корм акісляецца. Адгэтуль і хваробы жывёл. Такімі ж кармамі можна карміць пагалоўе ўвесь год, што дае плюсы ў прыбаўленнях і надоях.

На прадпрыемстве "Калгас "Радзіма" штодня адна бурая дае да 45 літраў малака. У год выходзіць каля 7 з паловай тон прадукту. Цалкам еўрапейскі стандарт.

Да такіх вынікаў можна і трэба імкнуцца на ўсіх малочна-таварных комплексах. Аб гэтым гаварылі і спецыялісты падчас рэспубліканскага семінару ў Бялыніцкім раёне. Адна з галоўных умоў - высакаякасныя кармы. Прама ў полі - майстар-клас па іх нарыхтоўцы.

З гэтага года па рэкамендацыі профільнага міністэрства ў такіх паказальных, як "Калгас "Радзіма" прадпрыемствах, асвойваюць тэхналогію нарыхтоўкі кармоў з высокім утрыманнем пратэіну. Жыта і свірэпіца - менавіта на гэтыя культуры робяць стаўку аграрыі - зараз у фазе васковай спеласці.

Леанід Заяц, міністр сельскай гаспадаркі і харчавання Беларусі: "На сённяшні дзень у кілаграме сухога рэчыва ўтрымліваецца 230 г менавіта пратэіну. Кожны кілаграм пратэіну, які пакупаецца за межамі нашай дзяржавы, каштуе сёння больш як 440 долараў ЗША. Тут ён у 6 разоў таннейшы. Таму за кошт менавіта гэтых кармоў мы будзем эканоміць вялікія мільёны долараў ЗША, якія сёння выдаткоўваем падчас закупу за межамі нашай краіны".

Убраўшы свірэпіцу і азімае жыта, на гэтым жа полі можна пасеяць гароха-аўсяную сумесь, якая дасць аналагічны выхад пратэіну. А гэта не толькі паніжэнне выдаткаў, але і імпартазамяшчэнне. Дарэчы, перад аграрыямі таксама пастаўленая задача пад ураджай 2018 года - на кожным прадпрыемстве, якое займаецца малочнай жывёлагадоўляй, адвесці пасяўныя плошчы пад падобныя культуры. Паводле слоў спецыялістаў, гэта дасць магчымасць нарыхтаваць практычна 50% усяго аб'ёму сенажу.