Беларусь спадзяецца на далейшае ўзаемадзеянне падчас фарміравання рынкаў нафты і газу ў рамках ЕАЭС

30 июня 2017

Беларусь спадзяецца на далейшае канструктыўнае ўзаемадзеянне падчас фарміравання рынкаў нафты і газу ў рамках ЕАЭС. Аб гэтым заявіў Аляксандр Лукашэнка на пасяджэнні Вышэйшага дзяржсавета Саюзнай дзяржавы. Прынцыповыя падыходы ў нафтагазавай сферы былі ўзгодненыя яшчэ вясной у Санкт-Пецярбургу. Аднак не ўсе красавіцкія пагадненні выкананыя да канца. Канчаткова іх замацавалі на цяперашнім Дзяржсавеце. Таксама сярод цэнтральных пытанняў парадку - прамысловая кааперацыя і супрацоўніцтва ў сферы аграпрамысловага комплексу. Аб ключавых дамоўленасцях з Масквы - сюжэт Андрэя Крывашэева.

Маскву штарміць. Наймацнейшы, як гавораць сіноптыкі, за апошнія паўстагоддзя лівень паралізаваў транспартныя зносіны, напалохаў масквічоў, якія нядаўна перажылі смяротны ўраган, але не парушыў планаў Беларусі і Расіі. У гэтых адносінах поўная палітычная і эканамічная выразнасць і цалкам камфортная атмасфера.

Так, нас некалькі штарміла ў канцы 2016-га - расійскія чыноўнікі навялі "ведамасны цыклон" на саюзныя адносіны. Але громаадводам стала красавіцкая сустрэча лідараў у Санкт-Пецярбургу. Па яе выніках былі знятыя ўсе праблемныя пытанні ў двухбаковых адносінах, так што, у 20-ы, юбілейны для Саюзнай дзяржавы год, афіцыйныя Масква і Мінск могуць спакойна ўкараняць узгодненую прамысловую палітыку, робячы стаўку на лічбу, навуку і інавацыі.

Дарэчы, можна лічыць сімвалічным, але да прыбыцця лідараў у Крэмль літаральна на паўгадзіны шторм сціх, і над Масквой было сонечна.

Падмурак перамовам прэзідэнтаў заклалі не толькі піцерскія пагадненні, але і 4-ы Форум рэгіёнаў Беларусі і Расіі, які сумясцілі з Вышэйшым дзяржсаветам. 800 спецыялістаў, 80 рэгіёнаў Расіі і ўся Беларусь. Больш дакладна, уся беларуская хай-тэк-індустрыя, паколькі тэма форуму - высокія тэхналогіі. Адкрываючы перамовы ў вузкім складзе, Уладзімір Пуцін так і вызначыў парадак: сучаснасць і будучыня Саюзнай дзяржавы.

Удалае сумяшчэнне фарматаў - адзначыў Прэзідэнт Беларусі. Складана вызначаць сучаснасць, не бачачы перад сабою гарызонту будучыні. А мэта амбіцыйная: IT-краіна і шырэй - IT-Саюзная дзяржава. Першая кароткая мэта на гэтым шляху - самадастатковасць і імпартазамяшчэнне.

Сустрэча ў вузкім фармаце працягвалася каля 2 гадзін. За гэты час да Масквы падышоў другі навальнічны фронт. Лівень і град. Не бясхмарнае становішча спраў і ў саюзных адносінах. Ва ўзгадненні эканамічнай палітыкі, пастаўках харчавання і ўкараненні інавацый. Так, Беларусь настойвае на прынцыповым выкананні піцерскіх пагадненняў у нафтагазавай сферы - да 2025 года выхад на роўнадаходныя цэны і агульны рынак вуглевадародаў. Акрамя таго, паўнавартасны допуск беларускіх вытворцаў у расійскія праграмы дзяржзакупак і субсідавання агратэхнікі - тут па-ранейшаму ёсць мясцовы пратэкцыянізм.

Два складаныя пытанні, якія на Вышэйшым дзяржсавеце абмеркавалі асобна, - саюзнае машынабудаванне і аграсектар у частцы племянной жывёлагадоўлі і селекцыі.

У выніку прынялі адзіныя падыходы да лакалізацыі вытворчасцяў, каб яны лічыліся мясцовымі і маглі разлічваць на датацыі і субсідыі. Пры гэтым лепшыя прыклады ў станкабудаванні ўжо працуюць на саюзны рынак.

Знойдзена вырашэнне і для самага хваравітага пытання мінулага года ў саюзных адносінах - паставак харчавання. Дагэтуль 2 з паловай дзясяткі беларускіх комплексаў дыскрымінуюцца на расійскім рынку. Вырашэнне - у лічбе. У адзіным электронным сертыфікаце якасці і бяспекі і інтэграванай электроннай сістэме ўліку ўсіх паставак. З 1 жніўня ўсе беларускія вытворцы выйдуць у анлайн, і падстаў тармазіць іх пастаўкі проста не застанецца.

Дарэчы, з улікам імпартазамяшчэння сёння былі знятыя абмежаванні паставак на яйка, раслінны алей і лён. Яны ў дэфіцыце ў Расіі. Балансы паставак застаюцца толькі па мясе, малаку і цукру.

Яшчэ адно вузкае месца інтэграцыі - укараненне саюзных інавацыйных распрацовак і аддача ад укладзеных сродкаў. Беларусь са свайго вопыту прапаноўвае кантраляваць кожны саюзны рубель, а ўкладваць у суперпрыбытковыя - космас, бія- і нанатэхналогіі, генетыку, атамны сектар.

Расійскі бок ад сябе дадае: фармацэўтыка і медыцына, уключаючы тэхналогіі стваловых клетак, новыя кампазіцыйныя матэрыялы, патрэбныя і прамысловасці, і космасу, "лятаючыя" хуткасныя цягнікі і нават першы масавы саюзны ноўтбук са сваім, а не імпартным працэсарам. Толькі так можна вярнуць саюзную эканоміку да ўстойлівага росту - упэўнены расійскі прэзідэнт.

Добры прыклад навуковага адзінства - у селекцыі. Навукоўцы выводзяць саюзныя пароды, устойлівыя да хвароб і клімату. Пілотны праект ужо рэалізаваны на Сахаліне. І ў прыклад яго прыводзілі абодва лідары.

Далі старт на Вышэйшым дзяржсавеце і жыццёвым запатрабаванням двух народаў. Напрыклад, даручылі прапрацаваць адмену мабільнага роўмінгу для саюзнікаў.

Таксама саюзнікі падтрымалі стварэнне прэміі Саюзнай дзяржавы ў галіне навукі і тэхнікі, літаратурная ўжо існуе. Суфінансаванне мемарыяла савецкаму салдату ў Ржэве і развіццё мемарыяла Брэсцкай крэпасці-героя. Да 200-годдзя Фёдара Дастаеўскага на яго радзіме таксама з'явіцца музейны комплекс. Гэта тое, што аб'ядноўвае нас у гісторыі не менш, чым эканоміка ў сучаснасці. А яна дэманструе дзіўны па цяперашніх мерках рост.

У цэлым галоўны вынік Вышэйшага дзяржсавета - нават не гэтыя лічбы. А бесперапыннасць агульнай гісторыі. Мінулае, сучаснасць і будучыня вызначаюцца саюзнікамі сумесна. І ніякі шторм - што прыродны, што рукатворны ў эканоміцы і палітыцы - гэтую сувязь парушыць не здольны.