Беларусь пачынае пастаўкі нафты з ЗША

15 мая 2020
Беларусь пачынае прымаць пастаўкі нафты са Злучаных Штатаў Амерыкі згодна з дамоўленасцямі. Аб гэтым сёння паведаміў міністр замежных спраў Беларусі Уладзімір Макей.

Уладзімір Макей, міністр замежных спраў Беларусі: "З задавальненнем пацвярджаю пачатак паставак нафты з ЗША ў Беларусь. Гэта стала магчымым па выніках дамоўленасцяў, дасягнутых падчас візіту ў Рэспубліку Беларусь 1 лютага 2020 года Дзяржаўнага сакратара ЗША Майкла Пампеа і сустрэчы з Прэзідэнтам Беларусі Аляксандрам Лукашэнкам. Ажыццяўленне паставак амерыканскай нафты з'яўляецца часткай дзяржаўнай стратэгіі па дыверсіфікацыі крыніц забеспячэння і арганізацыі ўстойлівай працы нафтаперапрацоўчага комплексу Беларусі ў 2020 і ў наступныя гады. Разглядаем супрацоўніцтва з ЗША ў нафтавай сферы як істотны элемент энергетычнай бяспекі дзяржавы".

Інфармацыйны ліст аб пачатку паставак нафты ў Беларусь сёння быў размешчаны і на сайце Дзярждэпартамента ЗША за подпісам кіраўніка ведамства Майкла Пампеа. "Першая партыя, 80 тысяч тон, прыйдзе ў клайпедскі порт у пачатку чэрвеня", - паведамілі сёння ў канцэрне "Белнафтахім". Напярэдадні танкер пачалі загружаць, і ўжо ў нядзелю запланаваны яго выхад з амерыканскага порта. Пасля прыбыцця ў Клайпеду сыравіну даставяць па чыгунцы на беларускі "Нафтан". Гэта лёгкая нафта маркі "Бакен" - такая шануецца вышэй за цяжкія сарты, паколькі з яе можна атрымаць больш светлых прадуктаў, напрыклад, бензіну.