Беларусь на сусветнай інтэрнэт-платформе, што аб'ядноўвае праекты дзяржаўна-прыватнага партнёрства

7 апреля 2016

Беларусь будзе прадстаўленая на сусветнай інтэрнэт-платформе, што аб'ядноўвае праекты ў сферы дзяржаўна-прыватнага партнёрства. Дамоўленасці наконт уключэння нашай краіны ў гэтую глабальную сістэму дасягнутыя, заявілі сёння ў кіраўніцтве Мінэканомікі. Размова ідзе пра міжнародную анлайн-пляцоўку для тых ініцыятыў, якія ўяўляюць асаблівую цікавасць для дзяржавы сваёй сацыяльнай скіраванасцю. Каб пошук інвестараў стаў максімальна паспяховым і практычна бязмежным, Беларусь і заяўляе аб сваім удзеле ў глабальным праекце.

Аляксандр Забароўскі, першы намеснік міністра эканомікі Беларусі:

"Сёння мы гаворым, што еўразійскія праекты становяцца цікавымі і для інвестараў з трэціх краін. Таму нашы калегі з Вашынгтона сёння робяць глабальную платформу для таго, каб усе інвестыцыйныя праекты, якія базіруюцца на прынцыпах дзяржаўна-прыватнага партнёрства, былі даступныя для інвестараў з усяго свету. Такім чынам нашы праекты будуць уключаныя ў агульную вялікую платформу, якая сёння ўжо, як і ўсе інвестыцыі, носіць глабальны характар".

Беларусь неўзабаве пачне рэалізацыю першых праектаў, заснаваных на прынцыпах дзяржаўна-прыватнага партнёрства. Ужо завершаныя перамовы па рэканструкцыі ўчастку аўтадарогі М10, прапрацоўваецца пытанне будаўніцтва шпіталя ў Гродне. Гэтымі днямі ў Мінску сваім вопытам партнёрства дзяржавы і бізнесу дзеліцца Казахстан.