Беларусь можа стаць новым інвесткалідорам

19 марта 2015

Пасрэднікамі ў эканамічным супрацоўніцтве Еўропы і Расіі могуць стаць беларускія свабодныя эканамічныя зоны. Сістэма дзяржаўных гарантый у дачыненні да бізнесу і інвестыцый, а таксама выгаднае геаграфічнае размяшчэнне можа дапамагчы Беларусі стаць новым інвесткалідорам. Пра гэта сёння ў Гомелі гаварылі ўдзельнікі кангрэса свабодных эканамічных зон Паўночнай і Усходняй Еўропы. Мерапрыемства праводзіцца ў Беларусі ўпершыню. У Гомель прыбылі дэлегацыі Беларусі, Расіі, Вялікабрытаніі, Швейцарыі, Бельгіі, Германіі. Чым вабіць наша краіна інвестара, даведвалася Вольга Халадовіч.

76 прадпрыемстваў-рэзідэнтаў, з іх прыкладна палова з замежным капіталам. Свабодная эканамічная зона "Гомель-Ратон" не толькі выкарыстоўвае ўсе належныя прэферэнцыі, але і дапамагае развіваць бізнес. А яшчэ паспяхова экспартуе тавары і паслугі. З пачатку стварэння СЭЗ гэтая сума склала амаль 6 трыльёнаў долараў. Гомель размешчаны на скрыжаванні міжнародных транспартных артэрый, таму менавіта тут вырашылі правесці кангрэс свабодных эканамічных зон Паўночнай і Усходняй Еўропы.

Хуан Торэнтс, кіраўнік Сусветнай федэрацыі свабодных і спецыяльных эканамічных зон, Femoza: "Гэтае вельмі цікавае мерапрыемства, яно дае пачатак усходняму калідору. Не толькі Беларусь, але і прыгранічныя краіны ўяўляюць сабой паўночна-ўсходні рэгіён, які стратэгічна размешчаны паміж двума рынкамі - Еўропы і Расіі. І зараз вельмі патрэбныя спецыялісты, каб ажыццяўляць гэтую дзейнасць эфектыўна".

Максімальна простыя ўмовы, добрая інфраструктура і зручныя правілы праходжання мытных працэдур дазваляюць айчынным свабодным зонам актыўна працаваць, прыцягваць больш інвестыцый і ствараць новыя рабочыя месцы.

Шэсць свабодных эканамічных зон прыносяць эканоміцы нашай краіны рэальныя дывідэнды. Летась на іх прыйшлося амаль паўмільярда долараў прамых замежных інвестыцый.

Больш як 200 прадстаўнікоў СЭЗ з 25 краін, а таксама патэнцыйныя інвестары. Кангрэс свабодных эканамічных зон Паўночнай і Усходняй Еўропы ў Беларусі праводзіцца ўпершыню. Яго ўдзельнікі абмяркоўваюць вопыт працы СЭЗ, тэндэнцыі развіцця транспартнай лагістыкі, а таксама вядуць перамовы наконт сумеснага бізнесу.

Аляксандр Ярашэнка, намеснік Міністра эканомікі Беларусі: "Канструктыўны дыялог, абмен меркаваннямі на экспертным узроўні дазволіць нам таксама зверыць свае падыходы, як гэта робіцца ў іншых краінах. Гэта вельмі важна".

Не толькі прэзентаваць магчымасці, але і ўважліва вывучыць пажаданні патэнцыйных інвестараў. Міжнародны форум "Інавацыі. Інвестыцыі. Перспектывы" адкрыўся сёння ў Віцебску. Ужо ў першы дзень працы падпісаныя шэсць дагавораў аб супрацоўніцтве, пасоўванні прадукцыі і абмене камерцыйнай інфармацыяй.

Гульзат Абдырасулава, генеральны дырэктар СЭЗ "Нарын", Кыргызстан: "Нам цікавае супрацоўніцтва з беларускімі СЭЗамі, паколькі з мая Кыргызстан уступае на Адзіную эканамічную прастору Мытнага саюза. І мы хочам пашыраць супрацоўніцтва ў рамках інвестыцый, у рамках стварэння сумесных вытворчасцяў".

Бізнесмены і эксперты сходзяцца ў меркаванні: Беларусь можа стаць новым інвестыцыйным калідорам. А правадырамі - нашы СЭЗ. Яны ўжо даўно сталі гарантам бяспекі і надзейнасці для замежных партнёраў, дзе ўжо наладжана і паспяхова функцыянуе гадамі адпрацаваная сістэма.