Беларусь можа стаць для Манголіі і яе тавараў выхадам у Еўропу

4 июня 2018

Такое меркаванне выказаў сёння міністр замежных спраў азіяцкай рэспублікі па выніках сустрэчы з кіраўніком МЗС нашай краіны. Дамдыны Цагтбаатар назваў важнымі перамовы з Уладзімірам Макеем і адзначыў, што Улан-Батар гатовы павялічыць закупкі беларускай сельгастэхнікі і больш актыўна супрацоўнічаць у АПК, машынабудаванні, харчовай прамысловасці, навуцы і адукацыі. Таксама Манголія зацікаўлена ў адкрыцці пасольства ў Беларусі. Гэта можа адбыцца ў будучым годзе. Наша краіна, у сваю чаргу, мае намер актывізаваць пастаўкі БелАзаў і камбайнаў у Манголію.

Уладзімір Макей, Міністр замежных спраў Беларусі: "Мы рады прыкметнай актывізацыі адносін з Манголіяй. Адноўлены кантакты на вышэйшым і высокім узроўнях, пашырана дагаворна-прававая база, умацоўваецца гандлёва-эканамічнае супрацоўніцтва. Пачата ўзаемадзеянне ў сельскагаспадарчай і навукова-тэхнічнай сферах, адноўлены двухбаковыя сувязі ў галіне адукацыі, спорту".

Дамдыны Цагтбаатар, Міністр замежных спраў Манголіі: "Рэспубліка Беларусь можа стаць для Манголіі выхадам у Еўропу, у той час як Манголія для Рэспублікі Беларусь выхадам у Азію. У гэтай сувязі ў нас ёсць вялікія магчымасці сумеснага развіцця транзітнага транспарту. Таму мы лічым, што нашы сувязі на ўсіх узроўнях маюць вельмі важнае стратэгічнае значэнне".

Вынікам сустрэчы стала падпісанне міждзяржаўных дагавораў аб супрацоўніцтве ў прававой сферы, якія забяспечваюць прамое ўзаемадзеянне праваахоўных органаў дзвюх краін. Міністр замежных спраў Манголіі прабудзе ў Беларусі тры дні. Гэта першы за 17 гадоў афіцыйны візіт на такім узроўні. Сёння ў праграме было месца і гістарычнай памяці: высокі госць усклаў кветкі да манумента на плошчы Перамогі ў гонар загінуўшых у гады Вялікай Айчыннай вайны.