Беларусь ініцыявала пытанне аб паніжэнні цаны расійскага газу

12 апреля 2020
Дынаміка паніжэння сусветных цэн на энергарэсурсы прымушае пераглядаць і кантракты, якія ўжо існуюць. Беларусь ініцыявала пытанне аб паніжэнні цаны расійскага газу, які пастаўляецца ў краіну ўжо сёлета. У якасці аднаго з механізмаў перагляду прапанавана магчымасць куплі пэўных аб'ёмаў газу на біржавых пляцоўках па канкурэнтных цэнах. Дэталі стануць прадметам перамоў з расійскім бокам. 

У перамовах па нафце зразумеласці стала больш. Буйны кантракт на пастаўку рэсурсаў ужо падпісаны з кампаніяй "Раснафта", вядуцца перамовы і з іншымі расійскімі пастаўшчыкамі. Зараз для Беларусі галоўнае - забяспечыць унутраны рынак у поўным аб'ёме і наладзіць знешнія пастаўкі. 

Эксперты падкрэсліваюць - умовы для гэтага ёсць. Прыярытэтнай застаецца і задача напаўнення нафтасховішчаў на перспектыву.

Аляксандр Цішчанка, прэс-сакратар "Белнафтахім": "Мы паступова набіраем на гэты месяц неабходныя для нас аб'ёмы. Плюс да ўсяго  мы працягваем перамовы па альтэрнатыўных пастаўках. У нас па графіку ў найбліжэйшы час чакаецца два танкеры, пры неабходнасці мы можам аператыўна задзейнічаць і іншыя рэсурсы.  Таму задача па забеспячэнні ўнутранага рынку і экспартных сваіх задач - мы ў гэтым месяцы павінны выйсці на сто працэнтаў". 

З Азербайджана ў Беларусь па марскім шляху прыбудзе 85 тысяч тон нафты. Такі ж аб'ём з Нарвегіі.