Беларусь і Узбекістан нацэленыя на глабальнае пашырэнне супрацоўніцтва

1 августа 2019

Аб гэтым сёння гаварылі Прэзідэнт Аляксандр Лукашэнка і ўзбекістанскі лідар Шаўкат Мірзіёеў на перамовах у Палацы Незалежнасці. Мінск і Ташкент змаглі за папярэднія два гады  цалкам абнавіць свае адносіны, і  зараз новая задача, аб якой дамовіліся лідары дзвюх дзяржаў - нарасціць тавараабарот і ўзмацніць кааперацыю менавіта на рэгіянальным узроўні. А ўжо на перамовах у пашыраным складзе беларускі лідар і кіраўнік Узбекістана пазначылі пэўныя сферы, дзе краіны могуць нарасціць мускулы супрацоўніцтва: у сярэднеазіяцкай рэспубліцы можа з'явіцца прамысловы комплекс па выпуску беларускай тэхнікі.  І ў цэлым лідары робяць стаўку на імклівае ўмацаванне гандлёвых і эканамічных сувязяў.

Па выніках перамоў Аляксандр Лукашэнка і Шаўкат Мірзіёеў падпісалі сумесную заяву аб далейшым развіцці двухбаковых адносін. Умацоўваюць партнёрства дзяржавы і ў барацьбе з тэрарызмам, кантрабандай.  Асобная ўвага гуманітарнай, навуковай і адукацыйнай сферам. Словам, усе гэтыя крокі - важны сігнал - Беларусь і Узбекістан плануюць супрацоўніцтва на гады наперад і маюць намер дамагчыся сумеснага поспеху.

Ужо пасля Прэзідэнты Беларусі і Узбекістана пасадзілі дрэва на Алеі ганаровых гасцей  каля Палаца Незалежнасці - гэта яшчэ адна добрая традыцыя. А далей  адправіліся знаёміцца з выставай "Зроблена ва Узбекістане". На ёй прадстаўлена тысяча найменняў тавараў з азіяцкай рэспублікі. Яшчэ адна прапанова і запрашэнне ад нашага Прэзідэнта для ўзбекістанскіх прадпрыемстваў - актыўней працаваць на беларускім рынку. Дарэчы, ужо прыкметны і эфект ад мінулага форуму рэгіёнаў Беларусі і Узбекістана.

Ёсць цікавасць сярод узбекскіх калегаў і ў прыцягненні беларускай тэхнікі і тэхналогій да развіцця радовішчаў газу і нафты. Прадстаўнікі ўрадаў і дзелавых колаў  ужо прапрацоўваюць гэтыя і іншыя праекты. У сваю чаргу Прэзідэнты за час размовы  неаднаразова падкрэслівалі, што зробяць усё магчымае, каб адносіны Мінска і Ташкента развіваліся таксама імкліва і надалей. Дарэчы,  Шаўкат Мірзіёеў запрасіў Аляксандра Лукашэнку ва Узбекістан.