Беларусь і Турцыя вызначылі задачы на найбліжэйшыя гады

26 ноября 2014

Двухразовы рост тавараабароту да мільярда долараў за год і стратэгічныя праекты ў нафтагазавым сектары, сферы складанай хіміі, банкаўскай і страхавой справе, транспарце і лагістыцы - менавіта такая задача стаіць у адносінах Беларусі і Турцыі на 2-3 найбліжэйшыя гады. Пра гэта сёння заявілі ва ўрадзе, дзе прымалі найбуйнейшую і самую прадстаўнічую дэлегацыю турэцкага бізнесу за ўсю гісторыю двухбаковых адносін. Як адзначыў віцэ-прэм'ер Пётр Пракаповіч, фактараў для бурнага росту эканомікі звышдастаткова. З пачатку года менавіта Турцыя стала першай краінай, якая атрымала "зялёны" мытны калідор на беларускім участку мяжы Мытнага саюза, зняты візавы бар'ер, а са студзеня запрацуе Еўразійскі эканамічны саюз. Дарэчы, турэцкі бізнес менавіта нашу краіну разглядае як плацдарм для стратэгічнай прысутнасці на прасторы еўразійскай "пяцёркі". Дзелавыя колы прываблівае палітычная і сацыяльная стабільнасць, празрыстыя правілы вядзення бізнесу, сістэмная лібералізацыя заканадаўства, камфортная інфраструктура і зручная лагістыка на стыку еўрапейскага і еўразійскага рынкаў.

Алі Кібар, кіраўнік Kibar Holding, старшыня Міжнароднай асацыяцыі садзейнічання бізнесу (Турэцкая Рэспубліка): "У нашай дэлегацыі прадстаўлены найбуйнейшыя кампаніі Турцыі ў нафтагазавай і хімічнай сферы, будаўніцтве, транспарце, лагістыцы і фінансах. Наша цікавасць выклікана новымі магчымасцямі, якія адкрывае Еўразійскі эканамічны саюз Беларусі, Расіі і Казахстана. У адказ мы чакаем актывізацыі беларускага бізнесу як у сумесных праектах тут, так і ў Турцыі. Напрыклад, беларуская сельгастэхніка можа вырабляцца на шматлікіх пляцоўках у розных рэгіёнах Турцыі".

Нагадаем, на вышэйшым палітычным узроўні афіцыйны Стамбул не раз заяўляў, што разглядае магчымасць далучэння да зоны свабоднага гандлю Еўразійскага праекта. Для Беларусі пашырэнне партнёрства - гэта выдатная магчымасць для пранікнення на рынкі краін Вялікага Блізкага Усходу пры садзейнічанні турэцкага бізнесу.