Беларусь і Турцыя маюць намер сістэматызаваць адносіны і істотна нарасціць узровень узаемнага гандлю

28 августа 2019

Як дасягнуць пастаўленай мэты паўтара мільярда долараў - сёння абмяркоўвалі ў Палацы Незалежнасці. Прэзідэнт правёў сустрэчу з кіраўніком МЗС Турцыі. Добры фундамент для больш цеснай кааперацыі створаны. Аб новай планцы дамовіліся яшчэ ў красавіку ў Анкары падчас афіцыйнага візіту Прэзідэнта. Асноўныя мэты прыезду ў Мінск Меўлюта Чавушоглу - пашырэнне ўзаемных інвестыцый і дыверсіфікацыя паставак - і гэта адны з найважнейшых крокаў на шляху да запаветнай лічбы. Зрэшты, практыка і дынаміка апошніх гадоў даказвае - адносіны дзвюх краін ужо выходзяць на новы ўзровень партнёрства. Што злучае афіцыйныя Мінск і Анкару, а таксама бізнесы дзвюх краін? Вераніка Бута з падрабязнасцямі. 

З Турцыі 9 гадоў таму Джан Йылдырым прыехаў да нас па адукацыю. У БДУ пазнаёміўся з будучай жонкай - армянкай па нацыянальнасці. Мінск стаў для іх настолькі родным месцам, што вырашылі застацца тут і тут прымерыць на сябе роля бізнесменаў. Сваю першую кавярню інтэрнацыянальная сям'я адкрыла ў 2015 годзе, і літаральна на днях расхіне дзверы ўжо трэцяя ўстанова з духмянай кавай і турэцкімі булачкамі - сімітамі. Муж і жонка ў адзін голас гавораць: "Пачынаць і развіваць сваю справу ў Беларусі і выгадна, і камфортна".

Упершыню прыехаў у Мінск ён 10 гадоў таму. Тут стварыў сям'ю. Тургай - уладальнік турэцкай кампаніі па оптавых продажах спецый. Краіна спадабалася адразу: гаворыць, адчувае спакойна і самае галоўнае - у бяспецы. Зараз у Мінску бізнесмен разам з жонкай Святланай і 8-гадовай дачкой Мірай гасцюе як мінімум раз за год. Спыняецца звычайна на паўмесяца, адпачывае душой і заадно прыглядае нішу для чарговага ўкладання. Варыянтаў шмат, галоўнае жаданне і капітал. 

У Беларусі амаль паўтары сотні кампаній з турэцкім капіталам. У асноўным у галіне тэлекамунікацый, будаўніцтве, лёгкай прамысловасці і металаапрацоўкі. 
У двухбаковым гандлі краіны яшчэ летась ушчыльную падабраліся да планкі  мільярд долараў. 
Яе вызначылі ў 2016 годзе ў Мінску падчас першага афіцыйнага візіту Прэзідэнта Турцыі ў Беларусь. 
Зараз задача, якую агучылі лідары ўжо гэтай вясной у Анкары, -  паўтара мільярда долараў. Калі паглядзець на дынаміку (а з 2009 года ўзаемны гандаль павялічыўся амаль у 4 разы), планы цалкам рэалізуемыя. Тавараабарот у 2018 годзе  984 млн долараў, у 2009 годзе - 267 млн.

Тады ж, у красавіку, свой уклад у агульную скарбонку ўнеслі і дзелавыя колы дзвюх краін. На бізнес-форуме ў Анкары былі падпісаны кантракты на некалькі соцень мільёнаў долараў, пачатыя новыя амбіцыйныя праекты. 


Дзелавое асяроддзе мітусні не церпіць, усе праекты і кантракты ўважліва вывучаюцца, часам не адзін год.

Але трывалым падмуркам для не менш трывалых дамоўленасцяў бізнесу выступае ўзаемаразуменне на палітычнай арэне. Тут паміж краінамі супярэчнасцей няма. І сённяшняя сустрэча ў Палацы Незалежнасці гэты факт пацвердзіла  чарговы раз. 

Кіраўнік знешнепалітычнага ведамства Турцыі ў нашу краіну прыехаў як раз з гэтай мэтай - зверыць крокі на шляху да запаветнай лічбы  1,5 мільярда. Дзеянні найбольш эфектыўныя, калі яны ўзгоднены з партнёрамі. Аляксандр Лукашэнка пацвярджае, Турцыя застаецца адным з нашых ключавых партнёраў у рэгіёне. 

Меўлют Чавушаглу, Міністр замежных спраў Турцыі: "Я ўдзячны за тое, што мяне і маю краіну вы вызначылі як дружалюбную. Я шчаслівы зноў апынуцца ў Беларусі. Хачу перадаць Вам прывітанне ад Вашага блізкага сябра Рэджэпа Эрдагана. Мой візіт скіраваны на тое, каб сумесна з калегамі з МЗС Беларусі выпрацаваць канкрэтныя дзеянні для дасягнення тых высокіх мэт, якія былі пастаўлены раней прэзідэнтамі дзвюх краін".

Зараз на належны ўзровень неабходна выводзіць гандлёва-эканамічнае супрацоўніцтва. Яно павінна быць поўнафарматным.  

З праблем - незбалансаванасць нашага гандлю: прадаем у разы менш, чым купляем.

Перашкодай таму мытныя пошліны. Гэта пытанне можна абмеркаваць, упэўнены бакі.

Сярод іншых ключавых тэм - адкрыццё турэцкага рынку для беларускай ялавічыны і інвестыцыі. 

Усе пытанні ў дэталях крыху пазней абмеркавалі ў Міністэрстве замежных спраў Беларусі. На перамовах са сваім беларускім калегам Меўлют Чавушаглу пацвердзіў, што прынцыповых рознагалоссяў у краін няма, на міжнароднай арэне глядзім у адзін бок, асуджаем і змагаемся з тэрарызмам. Такая ж сінхроннасць была б толькі на руку эканомікам. 

Меўлют Чавушаглу, Міністр замежных спраў Турцыі: "Хоць і сальда ў нашым двухбаковым гандлі складваецца на нашу карысць, такі стан спраў нас не радуе. Мы лічым, што гандаль павінен быць збалансаваным. У гэтай сувязі па даручэнні абодвух кіраўнікоў дзяржаў была створана рабочая група па развіцці гандлю. Першае яе пасяджэнне адбудзецца ў верасні. Сёння я пераканаўся, пагутарыўшы з турэцкімі інвестарамі, яны гатовыя ўкладваць у Беларусь, ім па душы створаныя тут умовы. Сённяшняя сустрэча з Прэзідэнтам пацвердзіла сур'ёзнасць намераў па актывізацыі нашага партнёрства".

Прыярытэт у супрацоўніцтве ў бок стварэння сумесных вытворчасцяў нашай тэхнікі ў Турцыі, у тым ліку з перспектывай яе рэалізацыі на рынках трэціх краін. Так, у красавіку ў Кырыкале пачалася зборка МТЗ. Папярэдне дамовіліся пазней на базе гэтага прадпрыемства збіраць камбайны, дарожную і снегаўборачную тэхніку. У найбліжэйшых планах аднавіць пастаўкі нашых БелАЗаў. Беларусь адкрыта для турэцкіх прапаноў. 

Уладзімір Макей, Міністр замежных спраў Беларусі: "Мы надаём вялікае значэнне і далейшаму пашырэнню прысутнасці турэцкага бізнесу ў Беларусі, павышэнню яго інвестыцыйнай актыўнасці. Па стане на 1 ліпеня аб'ём турэцкіх інвестыцый у эканоміку Беларусі перавысіў $800 мільёнаў. Міністр распавёў аб дамоўленасці з Турцыяй правесці ў найбліжэйшы час шэраг сустрэч і перамоў, накіраваных на пашырэнне эканамічнага і інвестыцыйнага супрацоўніцтва з Беларуссю".

Размова аб цесным супрацоўніцтве неўзабаве зноў працягнецца. Літаральна праз два тыдні ў Мінску чакаюць чарговых гасцей з Турцыі,  гэтым разам парламентарыяў. А ўжо ў кастрычніку плануюць правесці ў беларускай сталіцы форум ВНУ. У мінулым навучальным годзе 178 турэцкіх грамадзян атрымлівалі вышэйшую адукацыю ў нашых універсітэтах. Краіны ўпэўненыя, патэнцыял значна вышэйшы і ініцыююць сумесныя адукацыйныя праграмы і як вынік  двайныя дыпломы. 

Зрэшты, патэнцыял бачаць і ў сферы турызму. Туркі сталі часцей выбіраць Беларусь для адпачынку. Магчыма, неўзабаве з'явіцца больш авіярэйсаў.