Беларусь і Турцыя гатовыя павялічыць узаемны тавараабарот

18 февраля 2018

Беларусь і Турцыя гатовыя павялічыць узаемны тавараабарот і ствараць сумесныя вытворчасці. На тыдні ў Мінску з візітам быў прэм'ер гэтай краіны. Гэта першы прыезд кіраўніка ўрада ў гісторыі нашых дыпадносін. У выніку падпісалі некалькі пагадненняў. Сярод іх супрацоўніцтва ў грузаперавозках, садзейнічанне абароне інвестыцый і развіццё спорту.

Больш прадметна пра новыя кантракты гаварылі на бізнес-форуме, дзе сабраліся не меней за 300 удзельнікаў. Амаль 11 мільёнаў долараў зарабілі летась беларускія сельгаспрадпрыемствы. Скарысталіся дэфіцытам сметанковага масла на сусветным рынку. У выніку экспарт вырас у 100 разоў у параўнанні з 2016. Сёння стаўку робяць на кааперацыю. Інтарэсы супадаюць у будаўнічай і тэкстыльнай галінах, а таксама ў вытворчасці аўтакампанентаў і мабільнай сувязі 4G і 5G. Новыя сферы на перспектыву - гэта лагістыка і абмен тэхналогіямі. Разлічваем сёлета і на павелічэнне на траціну турэцкіх інвестыцый, і на адкрыццё сучасных вытворчасцяў з прыцэлам на продаж тавараў на еўрапейскі рынак і краіны ЕАЭС.