Беларусь і Татарстан нарошчваюць гандлёва-эканамічнае супрацоўніцтва

8 ноября 2019

Машынабудаванне, абмен вопытам у медыцыне і IT-сферы, пастаўкі тэкстылю і прадуктаў харчавання. Беларусь і Татарстан нарошчваюць узаемадзеянне. Пагадненне аб супрацоўніцтве было падпісана ў 2004-м, і за гэты час сувязі толькі дужэлі. Так, летась тавараабарот вырас на 14% і склаў больш як 1 мільярд долараў. Татарстан экспартуе ў Беларусь паліва, прадукцыю нафтахіміі, сінтэтычны каўчук. Мы адпраўляем у гэты расійскі рэгіён аўтобусы, аўтамабілі, тэкстыль і прадукты харчавання. У перспектыве Татарстан будзе нарошчваць пастаўкі нафты ў нашу краіну, а таксама плануе стварыць індустрыяльны парк для рэалізацыі сумесных праектаў у машынабудаванні. У гэтым рэгіёне ўжо працуе эксклюзіўны дыстрыб'ютар Мінскага трактарнага завода ў Прыволжскай і Уральскай акругах. Прадпрыемства займае лідзіруючае месца па аб'ёме продажаў беларускіх трактароў на тэрыторыі Расіі. Акрамя таго, тут засвоеная зборка тэхнікі маркі BELARUS.

Беларусь і Татарстан цесна супрацоўнічаюць у культурнай сферы. Так, у сяле Печышчы працуе адзіны ў Расіі музей-кватэра Янкі Купалы. У 1941 годзе народны паэт Беларусі знаходзіўся тут у эвакуацыі. І менавіта адгэтуль па выкліку Саюза пісьменнікаў СССР выехаў у творчую камандзіроўку ў Маскву, дзе трагічна загінуў.