Беларусь і Судан узмацняюць эканамічнае супрацоўніцтва

29 августа 2017

Перайсці ад намераў да сумесных праектаў. Беларусь і Судан узмацняюць эканамічнае супрацоўніцтва. Прадстаўнічую дэлегацыю афрыканскай краіны прымалі сёння ў беларускім парламенце. Актывізаваць эканамічныя сувязі паміж дзяржавамі прапанавана за кошт стварэння сумесных прадпрыемстваў. У полі зроку партнёраў - зборка беларускай тэхнікі на тэрыторыі Судана ад шырокай сельгаслінейкі машын да трактароў брэнда "Беларус". Перспектыўныя сферы ўзаемадзеяння - геолагаразведка, медыцына і адукацыя. Усе праекты ўжо знайшлі адлюстраванне ў дарожнай карце. Дакумент перададзены суданскаму боку. А сёння партнёры падпісалі мемарандум аб супрацоўніцтве на ўзроўні парламентаў дзвюх краін.

Уладзімір Андрэйчанка, Старшыня Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Беларусі:

"Мы пацвердзілі намер актыўна садзейнічаць нашым урадам у рэалізацыі планаў па стварэнні сумесных прадпрыемстваў, зборачных вытворчасцяў на тэрыторыі Судана, будаўніцтве жылля, прамысловых аб'ектаў, супрацоўніцтве ў гуманітарнай сферы. У цэлым парламентарыі Беларусі і Судана настроены на сур'ёзную сумесную працу".

Ібрагім Ахмед Амер, Старшыня Нацыянальнай асамблеі Судана:

"Лідары нашых краін стварылі надзейную базу для далейшага дыялогу паміж дзяржавамі. І мы сёння яшчэ больш умацавалі масты супрацоўніцтва паміж Мінскам і Хартумам як у палітычнай, так і эканамічнай сферах. Гэта пацвярджае жаданне нашых парламентаў працаваць на пашырэнне двухбаковых кантактаў. Мы разлічваем, што яны будуць развівацца як на рэгіянальным узроўні, а таксама выльюцца ва ўзаемную падтрымку на міжнародных пляцоўках".

Накіраванасць на стварэнне сумесных кампаній сёння пацвердзіў і кіраўнік Савета рэспублікі Міхаіл Мясніковіч. Ён адзначыў, што такія праекты стануць гарантам доўгатэрміновых адносін паміж краінамі. Акрамя таго, Беларусь гатова дзяліцца з афрыканскімі партнёрамі ноу-хау ў розных сферах эканомікі - ад медыцыны да вытворчасці харчавання.