Беларусь і ЗША плануюць стварыць сумесныя прадпрыемствы па гадоўлі буйной рагатай жывёлы

31 октября 2015

Беларусь і ЗША плануюць у перспектыве стварыць сумесныя прадпрыемствы па гадоўлі буйной рагатай жывёлы. Гэтыя і іншыя праекты спецыялісты АПК абедзвюх краін сёння абмяркоўвалі ў Мінску. З сумеснай прадукцыяй Беларусь і ЗША маюць намер выходзіць на рынкі Расіі, Блізкага Усходу і Сярэдняй Азіі. Адзначым, амерыканская група спецыялістаў па племянной жывёлагадоўлі ўжо тыдзень працуе ў Беларусі. Эксперты наведалі Магілёўскую, Віцебскую, Мінскую і Гомельскую вобласці. Правялі трэнінгі па малочнай і мясной жывёлагадоўлі. Сёння падчас сустрэчы ў беларускай сталіцы гаварылі і аб павелічэнні паставак мяса-малочнай прадукцыі ў ЗША.

Гэты візіт па праве гістарычны - першы ў гісторыі двухбаковых адносін. Заснаваны на дамоўленасцях, дасягнутых у маі гэтага года падчас візіту беларускай дэлегацыі на чале з міністрам сельскай гаспадаркі і харчавання ў ЗША. У Беларусі амерыканскі бок будзе працаваць увесь наступны тыдзень. Спецыялісты вывучаць запатрабаванні мяса-малочнай галіны. А таксама абмяркуюць і падрыхтоўку да пастаўкі ў Беларусь племянной жывёлы высокай прадуктыўнасці.