Беларусь і Сардзінія рыхтуюць адразу некалькі сумесных праектаў

10 апреля 2015

Беларусь і Сардзінія рыхтуюць адразу некалькі сумесных праектаў у галіне адукацыі, культуры і турызму. Гэта ў інтэрв'ю нашаму тэлеканалу заявіў галоўны спецыяліст па міжнародным супрацоўніцтве ўрада італьянскага рэгіёна падчас выставы "Адпачынак-2015", якая праходзіць у гэтыя дні ў Мінску. Адзін з праектаў датычыцца і прадуктаў харчавання. Спецыялісты з Сардзініі і Беларусі плануюць разам займацца вывучэннем якасці. Вынікі гэтай працы можна будзе ўбачыць ужо на міжнароднай выставе "Экспа-2015", якая пройдзе ў Мілане. Але ўсё ж варта адзначыць, што асноўны акцэнт у супрацоўніцтве - адукацыйна-турыстычны.

Марка Секі, начальнік упраўлення міжнароднага супрацоўніцтва прэзідыума рэгіянальнага ўрада Сардзініі (Італія): "Мы арганізуем курсы для мэнэджараў па турызме. Падрыхтоўка будзе праходзіць у два этапы: спачатку навучанне ў Мінску, затым самыя старанныя слухачы пройдуць бясплатную практыку на востраве Сардзінія".

А ў гэтыя дні ў Сардзініі рыхтуюцца да святкавання Дня Перамогі. І ключавую ролю ў мерапрыемствах адводзяць генеральнаму консульству нашай краіны ў італьянскім рэгіёне і беларусам. Плануецца арганізаваць вялікі канцэрт з удзелам нашых артыстаў. Таксама адбудзецца фотавыстава архіўных здымкаў часоў Вялікай Айчыннай.