Беларусь і Расія ўнеслі змяненні ў ранейшыя пагадненні ў нафтагазавай сферы

13 апреля 2017

Адпаведныя пратаколы сёння ў Маскве змацавалі подпісамі віцэ-прэм'ер Беларусі Уладзімір Сямашка і міністр энергетыкі Расіі Аляксандр Новак.

Усяго бакі падпісалі 4 дакументы, якія датычацца парадку фарміравання цэн на пастаўкі газу ў Беларусь, умоў далейшай дзейнасці Белтрансгаза і мер па ўрэгуляванні гандлёва-эканамічнага супрацоўніцтва ў галіне экспарту нафты і нафтапрадуктаў. Паводле слоў Уладзіміра Сямашкі, нарошчванне аб'ёмаў паставак расійскай нафты ў Беларусь пачнецца ўжо ў красавіку, а новы кошт газу складзе менш як $130 за адну тысячу кубаметраў.

Усе пытанні ў нафтагазавай сферы прэзідэнты Беларусі і Расіі ўрэгулявалі яшчэ 3 красавіка ў Санкт-Пецярбургу. Па выніках перамоў было заяўлена, што Беларусь і Расія да 2025 года зблізяць цэны на газ. Таксама Расія адновіць пастаўкі нафты ў Беларусь у аб'ёме 24 млн. т за год. Такі аб'ём расійскай нафты будзе пастаўляцца штогод да 2024 года ўключна. Акрамя таго, Расія рэфінансуе пазыковыя абавязацельствы Беларусі ў памеры $750-800 млн.