Беларусь і Расія маюць намер сертыфікаваць пастаўкі прадукцыі, каб пазбягаць непаразуменняў

6 июня 2018

Беларусь і Расія дамовіліся аб сінхранізацыі нацыянальнай сістэмы ідэнтыфікацыі і прасочвання жывёл і прадукцыі жывёльнага паходжання. Сёння гэта паведаміў намеснік прэм'ер-міністра Міхаіл Русы падчас наведвання выставы "Белагра".

Механізм абмену электроннымі ветэрынарнымі сертыфікатамі павінны абмеркаваць на пасяджэнні Саўміна Саюзнай дзяржавы 13 чэрвеня. Зараз сістэму тэсціруюць на трох брэсцкіх прадпрыемствах – “Савушкин продукт”, "Санта Бремор" і "Брэсцкі мясакамбінат", якія з пачатку праекта адправілі ў Расію ўжо больш за 70 сертыфікатаў. У цэлым па гэтай сістэме будуць працаваць каля 400 кампаній.

Сістэма дазволіць пазбегнуць такіх сітуацый, як увядзенне часовых абмежаванняў на пастаўку некаторых відаў беларускай прадукцыі. Віцэ-прэм'ер удакладніў, што зараз адпрацоўваецца дастаўка сертыфіката да канкрэтнага атрымальніка з выхадам на магазіны, каб на любым этапе можна было адсачыць рух тавару. Паўнавартасна запрацаваць механізм павінен з 1 ліпеня.