Беларусь і Расія дамовіліся аб пастаўках малака

3 июня 2018

Беларусь да канца года паставіць у Расію больш за 3 з паловай мільёны тон малака, што больш, чым за мінулы год. Гэта прадугледжана прагнознымі балансамі попыту і прапановы Саюзнай дзяржавы, якія ўзгодненыя і ўжо завізаваныя беларускім бокам. Зараз дакументы адпраўлены партнёрам з Расіі. Афіцыйная цырымонія падпісання плануецца падчас найбліжэйшай сустрэчы на ўзроўні міністраў сельскай гаспадаркі дзвюх краін. Наша краіна адначасова актыўна прасоўвае малочныя і мясныя прадукты харчавання ў краіны далёкага замежжа. У выніку за першы квартал экспарт туды павялічыўся на траціну.

Аляксей Багданаў, начальнік галоўнага ўпраўлення Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчавання Беларусі: "Сёлета мы больш як на 30 % працэнтаў павялічылі экспарт малочнай прадукцыі ў Кітай і будзем яго нарошчваць. Акрамя таго, мы для сябе адкрылі ялавічыну і мяса птушкі сёлета, першыя пастаўкі птушкі сёлета таксама пойдуць. Нядаўна зусім, тыдзень таму, мы адправілі першы прамысловы кантэйнер у Кітай. Плюс мы робім упор на развіццё адносін з краінамі Персідскага заліва. Багатыя краіны, што там размешчаны, - гэта Саудаўская Аравія, Арабскія Эміраты, Катар, якія здольныя купляць якасны тавар і плаціць за яго добрыя грошы".

Супрацоўніцтва з калегамі з суседніх краін і далёкага замежжа плануецца абмеркаваць падчас сельскагаспадарчай выставы "Белагра". Форум адкрываецца 5 чэрвеня. Сярод гасцей 16 дэлегацый. Упершыню прыедуць прадстаўнікі дзелавых колаў і вытворцы з Чэхіі, Індыі і Пакістана.