Беларусь і Польшча маюць намер павялічыць тавараабарот да трох мільярдаў долараў

30 августа 2017

Аб гэтым гаварылі сёння на сустрэчы віцэ-прэм'ера Беларусі Міхаіла Русага з віцэ-спікерам польскага сейма Рышардам Цярлецкім. Па выніках мінулага года краіны нагандлявалі на два мільярды і сёння гатовыя пашыраць супрацоўніцтва па ўсіх кірунках. Польшча - у чацвёрцы галоўных фундатараў у нашу эканоміку. Беларусь зацікаўленая ў стварэнні навукаёмістых, высокатэхналагічных вытворчасцяў і ўкараненні еўрапейскіх стандартаў. Такая праца ўжо вядзецца.

Міхаіл Русы, намеснік прэм'ер-міністра Беларусі: "Мы гатовыя да дыялогу. Больш як 3 мільярды долараў - тавараабарот паміж нашымі краінамі - гэта той этап, на які мы павінны выходзіць. За гэтымі лічбамі - стварэнне новых працоўных месцаў. Гэта заработная плата, гэта папаўненне бюджэту і рашэнне сацыяльных праграм".

Беларусь і Польшча маюць намер умацоўваць і міжпарламенцкія кантакты. Такі намер польскія госці пацвердзілі ў Савеце Рэспублікі на сустрэчы з віцэ-спікерам Мар'янай Шчоткінай. Двухбаковае супрацоўніцтва па лініі парламентаў павінна прыносіць вялікую аддачу - пагадзіліся партнёры. Пасля некалькіх гадоў зацішша ў адносінах актыўныя кантакты аднаўляюцца. І гэты курс будзе падтрыманы на найбліжэйшыя гады, - узаемна засведчылі сёння на сустрэчы парламентарыі. Асобнай тэмай абмеркавання сталі маючыя адбыцца беларуска-расійскія вучэнні "Захад-2017".