Беларусь і Пакістан плануюць пашыраць гандлёва-эканамічнае супрацоўніцтва

17 ноября 2017

Да тавараабароту ў мільярд долараў. Беларусь і Пакістан плануюць пашыраць гандлёва-эканамічнае супрацоўніцтва не толькі ў сферы экспарту і імпарту, але і абмену інвестыцыямі. Пра гэта бакі заявілі ў Гродне падчас пятага пасяджэння беларуска-пакістанскай камісіі. Эксперты абмеркавалі канкрэтныя крокі і метады актывізацыі бізнес-супрацоўніцтва паміж краінамі. Падчас пасяджэння было падпісана пагадненне аб вытворча-прамысловай кааперацыі. У перспектыве дакумент будзе садзейнічаць павелічэнню тавараабароту і зняццю бар'ераў пры экспартных пастаўках.

Мухамад Перваіз Малік, Федэральны міністр гандлю і тэкстылю Пакістана: "Зараз тавараабарот паміж нашымі краінамі складае каля 59 мільёнаў долараў. На наш погляд, гэтага недастаткова для такіх дзвюх дзяржаў. І мы паставілі перад сабой мэту дасягнуць 1 мільярда долараў да 2020 года. Таксама хацелася б зрабіць упор у нашым супрацоўніцтве на абмене інвестыцыямі паміж Пакістанам і Беларуссю".

Віталь Воўк, Міністр прамысловасці Беларусі: "Актывізаваць работу міжрэгіянальнага супрацоўніцтва. Яно ў нас пакуль таксама не развіта. Гэта таксама добры патэнцыял для развіцця і ўзняцця планкі да 1 мільярда. Мы хочам прыцягнуць прыватны малы бізнес для працы, каб нашы супольнасці на рэгіянальнай пляцоўцы рэалізоўвалі свае патэнцыялы".

Бакі таксама пацвердзілі намер падводзіць кароткатэрміновыя вынікі раз у два месяцы. Гэта будзе спрыяць большай эфектыўнасці кааперацыі. Наступнае пасяджэнне камісіі адбудзецца ў сакавіку ў Пакістане.