Беларусь і Латвія адзначаюць пазітыўны характар і дынаміку супрацоўніцтва

30 октября 2018

Патэнцыял вялікі - гэта і выкарыстанне мясцовай інфраструктуры, і супрацоўніцтва з беларускімі цэментнымі заводамі, а яшчэ сфера высокіх тэхналогій і ўзаемныя інвестыцыі.

З Латвіі - наш карэспандэнт Дар'я Трацінка

14-е месца па аб'ёме тавараабароту, 11-е па экспарце і 10-е па інвестыцыях - сухія лічбы з леташняй статыстыкі аб беларуска-латвійскіх адносінах у 2018 годзе ўзялі з месца ў кар'ер. Хуткі рытм у супрацоўніцтве яшчэ ў пачатку года задала сустрэча двух прэм'ераў - Андрэй Кабякоў і Марыс Кучынскіс абмеркавалі транзіт і турызм, падпісалі доўгачаканыя дагаворы аб авіяцыі і эканамічным супрацоўніцтве.

Як вынік - за першыя шэсць месяцаў гэтага года па латвійскіх рэйках ужо было перавезена амаль 6 млн тон грузаў, з якіх больш як палова - беларускія. Разам з гэтым аб'ём беларускага транзіту праз Латвію павялічыўся больш чым на 25 %.

І цалкам магчыма, што Рыга стане для Мінска яшчэ бліжэй. А аб'ём перавозак беларускіх грузаў павялічыцца менавіта ў кірунку латвійскай гавані.

Звонкім акордам у новай партытуры міждзяржаўных адносін стала прызначэнне ў Латвію новым паслом Васіля Марковіча. Сёння ў Рыжскім замку адбылася ўрачыстая цырымонія ўручэння ім вярыцельных грамат. Марковічу 62 гады, ён скончыў юрыдычны факультэт БДУ. З 1998 года цяперашні пасол быў генеральным консулам Беларусі ў Даўгаўпілсе. Пры ім у горадзе быў адкрыты Цэнтр беларускай культуры. Апошнія тры гады Васіль Марковіч займаў пасаду начальніка ўпраўлення кадраў Міністэрства замежных спраў. Яго асноўная задача на дадзены момант - рост тавараабароту паміж краінамі, выхад Беларусі да латвійскага мора. Палітыкі гатовы даць бізнесу зялёны калідор.

Знакавым для беларуска-латвійскіх адносін стане 2019 год. На фоне эканамічных сувязяў узрастае ўвага да падрыхтоўкі правядзення чэмпіянату свету па хакеі, а гэта пастаянны абмен вопытам як у арганізацыі масавых спартыўных мерапрыемстваў, так і стварэнні бязвізавага асяроддзя.