Беларусь і Кітай запусцяць вытворчасць аўтарухавікоў

13 сентября 2017

Прамысловую лінію адкрыюць на тэрыторыі індустрыяльнага парка "Вялікі камень". Намер развіваць праект сёння замацавалі дамовай паміж Мінскім аўтамабільным заводам і кітайскай кампаніяй "Вейчай". Падпісанне прайшло ў рамках візіту ў Мінск урадавай дэлегацыі правінцыі Шаньдун.

Чакаецца, што новы завод цалкам задаволіць патрэбнасці беларускіх вытворцаў у рухавіках як для грузавой, пасажырскай, так і для сельгастэхнікі. Значную частку прадукцыі адправяць на рынкі краін СНД і Мытнага саюза. Плануецца, што вытворчасць запусцяць да канца наступнага года.

Андрэй Кабякоў, Прэм'ер-міністр Беларусі: "Праект кампаніі з'яўляецца сапраўды высокатэхналагічным, што адпавядае профілю індустрыяльнага парка. Бо ён ствараецца менавіта для развіцця вытворчасцяў і інавацый, а не проста для гандлю".

Дарэчы, зараз у Кітайска-беларускім індустрыяльным парку "Вялікі камень" дазволена ствараць тэрытарыяльныя прафесійныя саюзы. Адпаведны дэкрэт №6 падпісаў Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка.

Таксама сёння ва ўрадзе абмеркавалі перспектывы паставак беларускага харчавання ў кітайскую правінцыю Шаньдун. Беларускі прэм'ер для гэтага прапанаваў больш актыўна выкарыстоўваць магчымасці кантэйнерных перавозак па маршруце Шаўковага шляху. Яго ўчастак з ЕС у Кітай сёння загружаны не ў поўнай меры, адзначыў Андрэй Кабякоў.