Беларусь і Кітай сталі стратэгічнымі партнёрамі і працягваюць рухацца далей

29 августа 2016

Пра перспектывы сёння гаварылі на сустрэчы Кіраўніка беларускай дзяржавы і дэлегацыі Народнага ўрада правінцыі Хунань на чале з мэрам цэнтральнага горада Чанша і прэзідэнтам машынабудаўнічай карпарацыі "Зумліён". Наведванне нашай краіны высокімі гасцямі з Паднябеснай апошнім часам стала дадатнай заканамернасцю. Бо ў канцы верасня адбудзецца дзяржаўны візіт Аляксандра Лукашэнкі ў Кітай. Вось і гэтым разам прапрацоўка ключавых кірункаў мае асаблівае значэнне, як чакаецца, гэтыя перамовы адкрыюць якасна новы этап у адносінах дзвюх краін - рэалізацыю поўнамаштабных інвестпраектаў. Адзначым, за ўсю гісторыю дыпадносін Беларусі і Кітая быў пройдзены немалы шлях. Вынік - выгадныя двухбаковыя праекты, адсутнасць закрытых тэм і агульныя прынцыпы ўнутранай і знешняй палітыкі. І ў гэтым асаблівую ролю бакі адводзяць міжрэгіянальнаму ўзаемадзеянню. Сёння кітайскія госці пацвердзілі свой намер інвеставаць у Беларусь і далей. Пра перспектывы і новыя кірункі падрабязней Наталля Брэвус.

Дэлегацыі з Паднябеснай у апошнія месяцы частыя госці ў Мінску. Гэта зразумела: Беларусь і Кітай рыхтуюць глебу для перамоў на вышэйшым узроўні. На гэты раз прадстаўнічая група з правінцыі Хунань. Яе ўзначальвае мэр галоўнага горада гэтага рэгіёна Чанша спадар Ху Хэнхуа. Адміністрацыйны цэнтр - у дваццатцы буйных эканамічна развітых гарадоў Кітая. Сам рэгіён знаходзіцца на паўднёвым усходзе КНР. Там развітыя сельская гаспадарка, горназдабыўная і сталеліцейная прамысловасць. І ацаніце маштабы: па плошчы правінцыя параўнальная з Беларуссю, а колькасць жыхароў набліжаецца да 70 мільёнаў чалавек. Перспектыўны рынак, як і ў цэлым кітайскі. З магутным Кітаем тры гады таму выйшлі на стратэгічнае партнёрства. Вялікае значэнне надае Аляксандр Лукашэнка як раз міжрэгіянальным сувязям.

Ху Хэнхуа, кіраўнік дэлегацыі Народнага ўрада правінцыі Хунань, КНР: "Дзякуй, што надалі час нашай дэлегацыі. Мы прыехалі па даручэнні старшыні КНР. Сапраўды, паміж Кітаем і Беларуссю павінна развівацца рэгіянальнае супрацоўніцтва. І ў нас ужо ёсць такі пілотны праект кампаніі "Зумліён" з вашай краінай. У нас яшчэ два дні наперадзе, мы маем намер папрацаваць у шчыльным графіку".

На сустрэчы з Прэзідэнтам і кіраўнік буйной карпарацыі КНР "Зумліён". Невыпадкова. Частка яе акцый належыць ураду правінцыі Хунань. Кампанія з сусветным імем і "дачкамі" ў 80 дзяржавах планеты. Займаецца вырабам спецыяльнай тэхнікі для сельскай гаспадаркі, энергетыкі, будаўніцтва і транспартнай сферы. А самы вялікі іх кран нават патрапіў у Кнігу рэкордаў Гінеса.

Менавіта ў Магілёве кітайскі "Зумліён" аблюбаваў пляцоўку завода "Трансмаш". У якасці эксперыменту сабралі два аўтакраны і машыну для прыбірання вуліц. На ўвесь працэс - ад праекта да выпуску гатовай тэхнікі - спатрэбілася не больш за месяц. Адбіўся больш як 30-гадовы вопыт працы прадпрыемства, яго мабільнасць і гатовасць за лічаныя дні перайсці на новае. У чэрвені аўтакран грузападымальнасцю 60 тон стаў удзельнікам выставы ў Мюнхене, дзе выклікаў фурор.

Васіль Хамякоў, дырэктар завода "Магілёўтрансмаш" ААТ "МАЗ - кіруючая кампанія холдынгу "БелаўтаМАЗ": "Вельмі шмат было наведвальнікаў з Расійскай Федэрацыі, Украіны, усе былі здзіўленыя вось такім сумесным прадуктам. Таму, я думаю, гэтае супрацоўніцтва мае вялікую будучыню. Яно дазволіць загрузіць магутнасці завода. Далей - гэта развіццё мадэльнага шэрагу, гэта павышэнне тэхнічнага ўзроўню, канструктарскага патэнцыялу, тэхналагічнага патэнцыялу".

Па-за канкурэнцыяй на сусветным рынку - такі лёс ужо прадраклі спецыялісты магілёўскім аўтакранам. Больш за тое, габарыты - а гэта ўсяго 12 метраў - дазваляюць перасоўвацца гэтым машынам па дарогах агульнага карыстання без спецыяльных дазволаў. Сёлета ўжо атрымалі сертыфікаты Мытнага саюза. І тое, што пачыналася як просты эксперымент, у выніку вылілося ў стварэнне сумеснай вытворчасці камунальнай тэхнікі.

Машыны прапануюць беларускім камунальнікам. Гэта будуць не толькі краны, але яшчэ вулічныя пыласосы і смеццявозы. Але асноўным спажыўцом стане рынак ЕАЭС.

Чжань Чуньсінь, кіраўнік кампаніі Zoomlion: "Мы верым, што наша супрацоўніцтва будзе толькі мацнець. Разлічваем, што ў наступным годзе сумесна зможам выпускаць ужо каля сотні машын. А ў найбліжэйшай перспектыве - праз 3 гады - гэта будзе ўжо каля тысячы адзінак штогод".

Наогул "Зумліён" трывала абгрунтаваўся ў Беларусі - год назад зарэгістраваная кампанія ў індустрыяльным парку "Вялікі камень". І ўзяліся адразу за некалькі праектаў у прамысловасці. План на найбліжэйшыя пяць гадоў - наладзіць яшчэ і вытворчасць пажарных машын.

Мінпрамам Беларусі і кампаніяй "Зумліён" падпісаны мемарандум аб супрацоўніцтве. А калі проста - дакумент, які пацвярджае сур'ёзныя намеры партнёраў. Гэта значыць, моцны ўпор Беларусь і Кітай робяць на прамысловую кааперацыю. І хоць ва ўсім свеце кітайскія бізнесмены лічацца складанымі перагаворшчыкамі - весці справы часам няпроста, прыходзіцца доўга знаходзіць агульную мову, - у Беларусі і Кітая атрымалася з падачы двух лідараў.

Частыя сустрэчы лідараў - рэдкасць для сусветнай палітыкі. Шчыры дыялог Аляксандра Лукашэнкі і Сі Цзіньпіна - залог прасоўвання супрацоўніцтва краін. Візіт Прэзідэнта Беларусі ў Паднябесную запланаваны на верасень. Гэтыя перамовы толькі падштурхнуць агульныя поўнамаштабныя інвестыцыйныя праекты.