Беларусь і Кітай сталі бліжэйшымі

24 января 2014

У КНР завяршыўся афіцыйны візіт урадавай дэлегацыі на чале з Міхаілам Мясніковічам. Самым галоўным вынікам паездкі стала прыняцце дарожнай карты - плана сумесных дзеянняў на пяць гадоў. Гаворка ідзе аб рэальным механізме стратэгічнага партнёрства, якое ўжо прыцягнула да сабе ўвагу найбуйнейшых кітайскіх карпарацый і патэнцыяльных інвестараў.



З Кітая рэпартаж Ганны Рублёвай.


Паспяховыя перамовы - цалкам заканамерны вынік 20-гадовых дыпламатычных адносін і сустрэч на вышэйшым узроўні кіраўнікоў дзвюх дзяржаў. Місія беларускай дэлегацыі - увасобіць у жыццё ўсё задуманае.


У Пекіне Міхаіл Мясніковіч правёў перамовы са старшынёй КНР Сі Цзіньпінам і старшынёй Дзяржсавета Лі Кэцянам. Па іх выніках прынята дарожная карта - план дзеянняў на пяць гадоў. І першымі крокамі яе рэалізацыі стане супрацоўніцтва з найбуйнейшымі карпарацыямі. CITIC Construction гатовая пачаць будаўніцтва двух заводаў - па вытворчасці штучнага каменю і кальцынаванай соды. Кампаніі BUCC цікавы праекты па будаўніцтве жылля ў беларускіх гарадах-спадарожніках. У Мінску BUCC ужо рэалізуе два праекты - жылы комплекс Лебядзіны і будаўніцтва гасцініцы Пекін. Інвеставаць у Беларусь гатова і найбуйнейшая машынабудаўнічая карпарацыя Sinomach, а таксама Кітайская інвестыцыйная карпарацыя.


Міхаіл Мясніковіч, Прэм'ер-міністр Рэспублікі Беларусь:


Мы вітаем прапановы ўрада Кітайскай Народнай Рэспублікі, што нам трэба больш актыўна працаваць у некаторых праектах, напрыклад, па сумеснай вытворчасці звышмагутных трактароў. Гэта новая пастаноўка задачы, сфармуляваная спадаром Лекіцянам, яна прымаецца намі для актыўнай прапрацоўкі і арганізацыі сумеснай вытворчасці гэтай канкурэнтаздольнай тэхнікі.


Лю Фанюй, дырэктар дэпартамента па міжнародным супрацоўніцтве Кітайскай інвестыцыйнай карпарацыі: Мы даведаліся, што ў вашай краіны вельмі развітая прамысловасць, станкабудаванне, сельская гаспадарка. Мы з'яўляемся фондам нацыянальнага дабрабыту Кітая і шукаем інвестыцыйныя магчымасці па ўсім свеце пры рэгуляваных рызыках.


Прадоўжыліся перамовы ў горадзе Шэньчжэні. З рыбацкай вёскі за трыццаць гадоў ён вырас у дзесяцімільённы мегаполіс. Такому росту ён абавязаны высокай канцэнтрацыі інавацыйных вытворчасцяў. Менавіта яны, такія як Хуавей і ЗТЕ, стануць першымі рэзідэнтамі індустрыяльнага парку.


У Шэньчжэні прайшла прэзентацыя Беларусі як пляцоўкі для інвестыцый. Падатковыя прэферэнцыі і магчымасці выхаду на рынак ЕўрАзЭС прывабныя. Тым больш што сваю прысутнасць у Беларусі пацвердзілі адны з самых буйных кітайскіх кампаній.


Стварыць дзве вытворчасці сельскагаспадарчай тэхнікі, прасунуць інфраструктуру індустрыяльнага парку і знайсці сур'ёзных рэзідэнтаў - вось што ў 2014 годзе павінны рэалізаваць Беларусь і Кітай. Пра нейкія канкрэтныя лічбы тавараабароту гаварыць пакуль рана, зараз важна выйсці на новы якасны ўзровень і яшчэ раз пацвердзіць свой статус надзейнага стратэгічнага партнёра.


А такая рэпутацыя ў Беларусі ўжо ёсць. У Харбіне паспяхова працуюць сумесныя прадпрыемствы з МТЗ і Гомсельмашам.


Аб поспеху візіту гаворыць партфельная статыстыка: па выніку падпісана 29 міждзяржаўных і міжрэгіянальных дакументаў, а таксама 2 буйныя кантракты. І гэта не толькі прамысловае, эканамічнае і інвестыцыйнае партнёрства. У якасці тэхнічнай дапамогі Кітай даў Беларусі бязвыплатны грант - 25 мільёнаў долараў. Удвая больш студэнтаў змогуць бясплатна вучыцца ва ўніверсітэтах Кітая. А вышэйшыя навуковыя кадры змогуць абменьвацца вопытам у створаных навуковых лабараторыях. І гэты толькі пачатак беларуска-кітайскага Шаўковага шляху.