Беларусь і Індыя ў наступным годзе могуць падвоіць тавараабарот

4 июня 2015

Пра гэта сёння заявіў Прэзідэнт Аляксандр Лукашэнка на адкрыцці беларуска-індыйскага бізнес-форуму. У Нацыянальнай бібліятэцы сабралася больш за сотню ўдзельнікаў, палова з іх - прадстаўнікі дзелавых колаў Індыі. Кіраўнік беларускай дзяржавы лічыць, што краіны могуць узмацніць узаемадзеянне ў прамысловасці, энергетыцы, бія- і нанатэхналогіях. У тым ліку Беларусь прапаноўвае Індыі скарыстацца бесперашкодным выхадам на рынак Еўразійскага эканамічнага саюза пры адкрыцці вытворчасцяў у Беларусі.

Па выніках форуму кампаніі і арганізацыі абедзвюх краін падпісалі шэраг двухбаковых дакументаў і кантрактаў. Прапанаваны тры новыя праекты ў галіне фармацэўтыкі з агульным аб'ёмам інвестыцый больш за 50 мільёнаў долараў. Акрамя таго, Мінскі падшыпнікавы завод паставіць у Індыю сваю прадукцыю на мільён долараў. Адзначылі сёння яшчэ адзін сумесны праект, які завяршылі некалькі гадоў таму, - мадэрнізацыя ЦЭЦ-2 у Гродне. З гэтай нагоды там адкрылі памятны знак. У рэжыме анлайн за цырымоніяй сачылі і ўдзельнікі форуму.