Беларусь і Францыя пашыраюць эканамічныя ўзаемаадносіны

13 февраля 2015

Учарашні бізнес-форум плаўна перайшоў у пасяджэнне эканамічнай камісіі і сустрэчы на ўзроўні ўрада. Па выніках двухдзённых перамоў падпісаны шэраг пагадненняў, у тым ліку ў сферы турызму. Прадстаўнікі МЗС Беларусі і Францыі абяцаюць бізнесменам мінімум бюракратычных бар'ераў і рост тавараабароту да мільярда долараў.

Тэму прадоўжыць Юрый Таболін. Эканамічная дыпламатыя - такі трэнд узаемаадносін Беларусі і Францыі. Пад гэтымі словамі МЗС разумее напрамак сваіх намаганняў на павелічэнне экспарту і прыцягненне замежных інвестыцый. Дарэчы, летась пасольства Беларусі правяло 18 эканамічных прэзентацый нашай краіны ў розных рэгіёнах Францыі. Вынікі актыўнага пасоўвання мы ўбачылі ўчора падчас першага двухбаковага бізнес-форуму, на які прыехалі прадстаўнікі больш як 50 французскіх кампаній.

Па выніках мінулага года экспарт беларускіх тавараў у Францыю ўпершыню перавысіў 100 мільёнаў долараў. Агульны тавараабарот складае 600 мільёнаў пры патэнцыяле мінімум удвая большым. Павялічыць яго беларускі бок, безумоўна, зацікаўлены за кошт нашага экспарту. І гэтая тэма стала асноўнай на пасяджэнні міжурадавай камісіі, якая сёння адбылася ў Мінску. На парадку дня больш за 12 актуальных тэм у такіх сферах як энергетыка, сельская гаспадарка, фармацэўтыка, транспарт, турызм.

Галоўным вынікам абодва бакі называюць тое, што дадзеныя мерапрыемствы адбыліся, бо, па сутнасці, гэтая першая такая маштабная падзея за апошнія 20 гадоў.

Кіраўнікі камісіі дамовіліся асабіста весці маніторынг выканання ўсіх падпісаных сёння пагадненняў. Мінімізаваць усе бюракратычныя бар'еры на шляху бізнес-адносін. Менш як праз паўгода рабочыя групы збяруцца ўжо ў Францыі, каб ацаніць, наколькі нашы краіны прасунуліся ў рэалізацыі сумесных праектаў.