Беларусь і Еўрапейскі інвестыцыйны банк сёлета плануюць рэалізаваць яшчэ 4 праекты

5 августа 2019

Пашырэнне супрацоўніцтва Беларусі з Еўрапейскім інвестыцыйным банкам сёння абмяркоўвалі на сустрэчы беларускі лідар і віцэ-прэзідэнт гэтага міжнароднага фінансавага інстытута. Усяго за паўтара года партфель інвестпраектаў перавысіў 300 мільёнаў еўра. Падобнай дынамікі сапраўды няма ні з адным іншым стратэгічным крэдыторам у свеце. 

Ключавыя для краіны і Еўропы праекты з удзелам банка - гэта транспартны калідор Мінск - Ашмяны - Літва як новая лагістычная артэрыя для краін Балтыі і Паўночнай Еўропы. Плюс ачыстка вады ў мінскай агламерацыі, цеплавая рэнавацыя жылля і перавод кацельняў на мясцовыя віды паліва, напрыклад, дровы. Усе праекты нацэленыя на ўстойлівае развіццё і высокую якасць жыцця ў Беларусі і Цэнтральнай Еўропе.

Сёлета з апорай на поспех мінулых укладаў Беларусь і Еўрапейскі інвестбанк плануюць рэалізаваць яшчэ 4 буйныя праекты на 371 мільён еўра. Улічваючы такі сур'ёзны прырост інвестпартфеля, банк сур'ёзна разважае над адкрыццём свайго прадстаўніцтва ў ключавой для Еўрасаюза краіне рэгіёна.