Беларусь і Егіпет парафіравалі дарожную карту супрацоўніцтва

25 мая 2017

Сёння Беларусь і Егіпет парафіравалі дарожную карту супрацоўніцтва на два гады па выніках працы сумеснай гандлёвай камісіі. А таксама падпісалі шэраг двухбаковых дакументаў.

Стварэнне ў максімальна кароткія тэрміны плана ўзаемадзеяння было даручэннем прэзідэнтаў Беларусі і Егіпта. Сёння ўжо працуе група ў галіне прамысловасці, плануецца адкрыццё зборачнай вытворчасці "Амкадора" ў Арабскай Рэспубліцы. Абмяркоўваецца мадэрнізацыя наземнага і чыгуначнага транспарту. Егіпет гатовы ў 10 разоў павялічыць аб'ём грузаперавозак.

Тарык Кабіль, Міністр гандлю і прамысловасці Егіпта: "Беларусь і Егіпет павінны імкнуцца, каб эканамічныя адносіны былі такімі ж моцнымі, як і палітычныя. Мы абмяркоўвалі новыя кірункі двухбаковага супрацоўніцтва. Мы паспрабуем сканцэнтраваць нашу ўвагу на развіцці прамысловай кааперацыі і інвестыцыйнага супрацоўніцтва".

Уладзімір Калтовіч, Міністр антыманапольнага рэгулявання і гандлю Беларусі: "Рэспубліка Егіпет выдзеліла для нашага агульнага праекта зямельны ўчастак, створана рабочая група падчас сённяшняй камісіі. У найбліжэйшы час гэтая камісія наведае Арабскую Рэспубліку Егіпет, дзе будзе прапрацавана пытанне па выкарыстанні беларускіх тэхналогій пры будаўніцтве аграгарадкоў, малочна-таварных ферм, а таксама ўсяго тэхналагічнага працэсу па зернезахаванні".

Беларусь таксама гатовая падтрымаць Егіпет і на перамовах па заключэнні пагаднення аб свабодным гандлі з Еўразійскім эканамічным саюзам. Такія дакументы ў Егіпта ёсць з Еўрасаюзам і Афрыканскім кантынентам.