Беларусь і Азербайджан паступова пераадольваюць спад у гандлі

12 апреля 2018

Беларусь і Азербайджан даўнія партнёры. Рэгулярныя сустрэчы лідараў спрыяюць прасоўванню эканамічнага супрацоўніцтва. Краіны паступова пераадольваюць спад у гандлі.

Па выніках мінулага года ў агульнай скарбонцы - 160 мільёнаў долараў. Аснова нашага экспарту ў Азербайджан - прадукцыя машынпрама, дрэваапрацоўкі, шыны, прадукты харчавання, лекі. Беларусь імпартуе з Азербайджана вырабы з алюмінію, прадукцыю нафтахіміі, машынабудавання і сельскай гаспадаркі.

Прэзідэнт Аліеў акрэсліў у якасці прыярытэтаў развіццё аграсектара і аднаўленне запатрабаваных прадпрыемстваў, якімі некалі славіўся Азербайджан. І ў гэтым ключы пазітыўны прыклад прамысловай кааперацыі дзвюх краін - Гянджынскі аўтамабільны завод. Як раз у пачатку красавіка з яго канвеера сышоў 10-тысячны трактар.

Выніковымі сталі і мінулыя перамовы віцэ-прэм'ера Уладзіміра Сямашкі ў Азербайджане. У выніку дамовіліся павялічваць зборку аўтатэхнікі МАЗ на базе Гянджынскага завода і наладзіць вытворчасць аўтобусаў. Перспектыўныя пастаўкі тэхнікі Гомсельмаша, не выключана, што будзе арганізавана і зборка сельгастэхнікі. Дасягнуты дамоўленасці аб прапрацоўцы перспектыўных праектаў па стварэнні зборачнай вытворчасці беларускіх ліфтаў, дызель-генератараў, а таксама паставак электробусаў. Вытворцаў Беларусі і Азербайджана цікавіць прасоўванне на рынках трэціх краін са сваімі таварамі. Актыўна развіваецца і сетка харчовых магазінаў пад брэндам "Беларускі".