Беларусь гатовая развіваць увесь спектр двухбаковых адносін з Тайландам

27 июня 2016

Беларусь гатовая развіваць увесь спектр двухбаковых адносін з Тайландам. Аб гэтым заявілі сёння ў беларускім парламенце на сустрэчы з парламенцкай дэлегацыяй гэтай краіны. Беларускі бок падкрэсліў, што Тайланд - перспектыўны партнёр у Паўднёва-Усходняй Азіі. І наша краіна зацікаўленая ў налдажванні роўных адносін як у палітычнай і эканамічнай сферах, так і ў развіцці культурных кантактаў. Адзначым, абмен візітамі за апошнія гады паміж дзяржавамі значна актывізаваўся. Партнёры ўпэўненыя, што гэта паспрыяе больш актыўнаму дыялогу ва ўсіх кірунках.

Уладзімір Андрэйчанка, старшыня Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Беларусі: "Патэнцыял нашых адносін далёка не скарыстаны, і мы зацікаўленыя ў нарошчванні паставак нашай прадукцыі - сельскагаспадарчай тэхнікі, грузавых аўтамабіляў, першым чынам, калійных удабрэнняў. Выяўлена вялікая цікавасць да нашых ільняных тканін. Мы правялі пробныя пастаўкі ў Тайланд соладу, тытунёвых вырабаў, таксама ёсць зацікаўленасць у пастаўках лікёра-гарэлачнай прадукцыі ў Тайланд. Таму вельмі вялікія магчымасці ў нас адкрываюцца апошнім часам".

Понпеч Вічытчалчай, старшыня Нацыянальнага заканадаўчага сходу Тайланда: "Патэнцыял нашага ўзаемнага гандлю далёка не вычарпаны. Сёння трэба больш актыўна працаваць над удасканаленнем лагістыкі паміж нашымі краінамі. Акрамя таго, у нас ёсць дакладны намер распрацаваць пагадненне аб далейшым супрацоўніцтве для ўмацавання нашых адносін ва ўсіх сферах".

На сустрэчы разгледжаныя пытанні актывізацыі турыстычнага абмену паміж Беларуссю і Тайландам. Размова ішла і аб спрашчэнні візавага рэжыму для грамадзян нашай краіны.