Аўстрыйскі бізнес гатовы павялічыць інвестыцыі ў эканоміку Беларусі

19 марта 2019

Аўстрыйскі бізнес гатовы пашырыць прысутнасць у індустрыяльным парку "Вялікі камень". Пра гэта заявіў віцэ-прэзідэнт Асацыяцыі прамыслоўцаў Аўстрыі на пасяджэнні двухбаковага дзелавога савета. Прадпрымальнікаў з гэтай еўрапейскай краіны цікавяць і іншыя свабодныя эканамічныя зоны Беларусі - ужо ёсць вопыт працы ў Мінску, Брэсце і Віцебску. Сёння паспяхова рэалізуецца шэраг сумесных інвестыцыйных праектаў у транспартнай і будаўнічай сферах. Тавараабарот дзвюх краін за мінулы год перавысіў 170 мільёнаў долараў, але патэнцыял значна большы. Бізнесмены Беларусі і Аўстрыі абмяркоўваюць супрацоўніцтва ў харчовай прамысловасці, энергетыцы і вытворчасці абсталявання, у тым ліку пакавальнага.

Уладзімір Улаховіч, старшыня Беларускай гандлёва-прамысловай палаты: "Спецыфіка нашых аўстрыйскіх партнёраў заключаецца яшчэ ў тым, што цэлы шэраг нашых беларускіх прадуктаў ідзе праз Аўстрыю на рынкі трэціх краін. І калі наш леташні тавараабарот крыху вышэйшы за 170 мільёнаў, то, паводле розных ацэнак, каля 300 мільёнаў - гэта пастаўкі беларускай прадукцыі сумесна з аўстрыйскімі партнёрамі на рынкі трэціх краін, першым чынам Еўрапейскага саюза".

Аўстрыйскія інвестыцыі ў эканоміку Беларусі за апошнія восем гадоў склалі каля шасці мільярдаў долараў. Паводле слоў Уладзіміра Улаховіча, каб палепшыць супрацоўніцтва, трэба сысці ад непатрэбнага пасярэдніцтва.