Андрэй Кабякоў здзейсніў рабочую паездку ў Магілёўскую вобласць

25 августа 2017

Усе працы, звязаныя са зносам аб'ектаў былога Магілёўскага завода штучнага валакна і рэкультывацыяй зямлі, неабходна завяршыць не пазней за 9 мая будучага года. Такое даручэнне даў прэм'ер-міністр Беларусі Андрэй Кабякоў падчас рабочай паездкі ў Магілёўскую вобласць. Участак плошчай 41 гектар будзе перададзены на баланс абласнога цэнтра. У перспектыве там з'явіцца адміністрацыйна-грамадская забудова. Кіраўнік Саўміна наведаў шэраг прамысловых прадпрыемстваў. На Магілёўскім металургічным заводзе пракантраляваў рэалізацыю праекта па арганізацыі вытворчасці чарнавой восі для рухомага саставу чыгунак. Абмеркаваў пытанні эфектыўнасці мадэрнізацыі Магілёўскага аўтамабільнага завода імя Кірава і вагонабудаўнічага завода.

Андрэй Кабякоў, прэм'ер-міністр Беларусі:

"Мы павінны зараз пацвердзіць эфектыўнасць прынятых рашэнняў па мадэрнізацыі гэтых прадпрыемстваў. Што датычыцца тэхналогіі, то, што датычыцца засваення абсталявання - увогуле, гэты першапачатковы этап выкананы. Зараз галоўнае - рынкі, быць канкурэнтаздольнымі па кошце, галоўнае - не прапусціць якасці, разлічвацца па тых сродках, якія былі занятыя ў банкаўскай сферы. Тыя меры дзяржаўнай падтрымкі, якія былі аказаныя, яны ўсе павінны паступова вяртацца".

Аб развіцці малочнай вытворчасці ішла размова на малочна-таварным комплексе "Грыбаны" сельгаспрадпрыемства "Магілёўскі лянок". За апошнія пяць гадоў у Магілёўскім рэгіёне рэканструкцыя закранула 170 ферм. 140 ужо працуюць на поўную моц.